«Калегі і блізкія разглядаюць толькі адну версію знікнення Анатоля Котава»
6- 28.08.2025, 16:28
- 20,858
Беларускі палітолаг знік сем дзён таму.
Калегі і блізкія беларускага палітолага Анатоля Котава, які знік 21 жніўня ў Турцыі, разглядаюць толькі адну версію яго знікнення, піша ў «Фэйсбуку» кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.
«Сябры, па наяўнай на сёння інфармацыі калегі і блізкія Анатоля Котава мяркуюць яго прымусовую неафіцыйную экстрадыцыю з тэрыторыі Турцыі.
Іншыя версіі пакуль не разглядаюцца, бо пакінуць Турцыю ў бок Расеі ці Беларусі можна без цяжкасцяў з аэрапорта Стамбула. Для гэтага не патрэбныя складаныя марскія маршруты.
Калі ў вас якая-небудзь інфармацыя, якая можа дапамагчы ў пошуках Анатоля, пішыце ў асабістыя паведамленні», - паведаміў Апейкін.
Нагадаем, сёння, 28 жніўня, турэцкае выданне IHA напісала, што былы супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі прыбыў у Стамбул з Варшавы 21 жніўня і ў той жа дзень вылецеў у турэцкі горад Трабзон.
Як піша выданне, Котаў пакінуў Турцыю праз марскі памежны пераход Трабзон рэйсам а 18:35. Невядома, ці сам ён праходзіў мяжу ці ў суправаджэнні іншых асоб.
На пачатку 2000-х Анатоль Котаў працаваў у Міністэрстве замежных спраў. З 2006 да 2015 года займаў розныя пасады ў пасольстве Беларусі ў Польшчы, прайшоў шлях ад трэцяга сакратара да старшага дарадцы пасла.
У 2015 годзе вярнуўся ў Менск, дзе перайшоў з МЗС на працу ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які на той час асабіста ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка. Котаў спачатку працаваў там кіроўным адмыслоўцам, аднак неўзабаве заняў пасаду генеральнага сакратара.
Потым працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, дзе заняў пасаду намесніка начальніка аддзела фінансавання дзяржаўных органаў Галоўнай фінансавай управы адміністрацыі дыктатара.
18 жніўня 2020 года Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсіфікацый на выбарах і асудзілі гвалт з боку сілавікоў. Потым пераехаў у Варшаву. У апошнія гады супрацоўнічаў з Беларускім фондам спартовай салідарнасці.