Над Гомельскай вобласцю заўважылі расейскія дроны
7- 28.08.2025, 14:13
- 6,474
На іх перахоп выслалі знішчальнік.
А 20:00 27 жніўня над Рэчыцай на невялікай вышыні праляцеў дрон, які сілуэтам адпавядае расейскаму БпЛА «Гербер». Пазней, а 20:15, мясцовыя жыхары пачулі гул самалёта, якім быў беларускі знішчальнік, адпраўлены для знішчэння дрона, піша «Флагшток».
У той жа вечар беспілотнік праляцеў праз Мазыр, дзе ў розных частках горада чулі характэрны гук, які нагадвае гук мапеда. Украінскія маніторынгавыя каналы не паведамлялі аб перасячэнні мяжы Беларусі расейскімі БПЛА ў той час. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў Гомельскую вобласць уварваліся дроны-імітатары «Гербера», якія дрэнна фіксуюцца радарамі.
Акрамя таго, падчас паветранай атакі ў ноч на 28 жніўня дзве расейскія ракеты маглі пралятаць над тэрыторыяй Беларусі. У першым выпадку ракета магла пралятаць над выступам Брагінскага раёна.
У другім выпадку - дзве ракеты над Гомелем, паведаміў Флагштоку ўкраінскі маніторынгавы канал «еРадар». Палёт зафіксаваны блізу 3 гадзін ночы. Аднак іншыя каналы не паведамлялі пра такі факт, інфармацыі ад жыхароў Гомельскага раёна аб фіксацыі гуку палёту таксама не было.
Паводле афіцыйнай інфармацыі паветраных сіл УСУ, гэтай ноччу Расея атакавала Украіну ў тым ліку балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М»/KN-23, выпушчанымі з Бранскай вобласці. Магчыма, менавіта яны маглі пралятаць над Гомелем.
Асноўны ўдар быў накіраваны на Кіеў, дзе паведамляецца ўжо пра 15 загінулых мірных жыхароў, сярод якіх чацвёра дзяцей. Ракеты патрапілі ў жылыя дамы і прынеслі маштабныя разбурэнні, разбор руінаў працягваецца. Колькасць пацярпелых праз атаку па цывільнай інфраструктуры Кіева ўжо перавысіла 50 чалавек.