Міністэрства адукацыі: Тэлефоны ў настаўнікаў забіраць не будуць
5- 28.08.2025, 12:28
- 2,228
Толькі абмяжуюць карыстанне.
У Беларусі з 1 верасня ўводзіцца забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў школьнікамі. Перад пачаткам навучальнага дня вучні будуць здаваць прылады на захоўванне, а пасля заняткаў - забіраць назад.
Пастановай Міністэрства адукацыі таксама прадугледжаная забарона на выкарыстанне мабільных гаджэтаў для настаўнікаў падчас урокаў. Пры гэтым педагогам здаваць тэлефоны не спатрэбіцца. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным Прэс-цэнтры паведаміла начальніца ўпраўвы агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства Ірына Каржова.
«У гэтай пастанове пазначана, што настаўнікі таксама абмяжоўваюцца ў выкарыстанні мабільных тэлефонаў. Настаўнік - прыклад для дзіцяці. Калі на ўроку забаронена карыстацца тэлефонам вучню, то чаму настаўнік, нават калі клас выконвае самастойную пісьмовую працу, павінен сядзець, уткнуўшыся ў тэлефон, весці перапіску або займацца чымсьці яшчэ? Настаўнікі абмяжоўваюцца ў выкарыстанні тэлефонаў падчас урока, але забіраць іх у педагогаў мы не плануем. Экстраная сувязь павінна быць даступная, бо ўсякае можа здарыцца. Мы гэта таксама разумеем", - патлумачыла яна.
Нагадаем, першапачаткова абмежаванні распаўсюджваліся толькі на школьнікаў. Учора, 27 жніўня, на партале pravo.by з'явілася інфармацыя пра забароны на карыстанне мабільнымі для настаўнікаў. Цяпер Мінадукацыі патлумачыла сваю пазіцыю.