Украінскі дрон выклікаў пажар побач з палацам Пуціна ў Геленджыку
3- 28.08.2025, 11:47
- 5,450
Узнікла тры асяродкі ўзгарання.
Падзенне абломкаў дрона ўночы ў чацвер выклікала пажар у лесе ў раёне вёскі Крыніца ў Геленджыку, паведамілі ў оперштабе Краснадарскага краю. Гэта сяло знаходзіцца ўсяго за 10 км наўпрост ад палаца Уладзіміра Пуціна на мысе Ідакапас, звярнула ўвагу «Агенцтва».
Пасля падзення абломкаў дрона ў лесе ўзнікла тры асяродкі пажару. Першапачаткова плошча пажару складала прыкладна 3 тысячы кв.м, а потым павялічылася да 7 тысяч кв. м, адзначылі ў краявым лесапажарным цэнтры. Пазней плошча вырасла яшчэ мацней - да 32 тысяч кв.м (3,2 га), расказалі ў МНС.

«Праз моцнае задымленне23 чалавекі, якія адпачывалі на беразе Чорнага мора ў раёне ляснога пажару, апынуліся адрэзаныя ад шляхоў эвакуацыі. Супрацоўнікі ГІМС МНС Расеі накіравалі катар, каб вывезці іх у бяспечнае месца», — паведамілі агенцтву ТАСС у МНС.
Як удакладняе «Агенцтва», сяло Крыніца знаходзіцца прыкладна за 30 км наўпрост ад цэнтра Геленджыка. Паміж Геленджыком і Крыніцай (прыкладна 10 км на ўсход ад вёскі) размешчаны палац Уладзіміра Пуціна на мысе Ідакапас.
Падзенне дрона ў вёсцы Крыніца фіксавалася і ў канцы траўня 2025 года. Як паведаміў у той раз губернатар Краснадарскага краю РФ Веніямін Кандрацьеў, былі атакаваныя «грамадскія аб'екты» на тэрыторыі Геленджыка.
«Усе БПЛА знішаныя сіламі СПА. У вёсцы Крыніца абломкі аднаго з апаратаў пашкодзілі недабудаваны будынак», - пісаў чыноўнік.
Атакі дронаў яшчэ летась паўплывалі на адпачынак прэзідэнта Расеі. Як паведамляў «Праект», Пуцін практычна перастаў лётаць у Сочы, дзе раней праводзіў значную частку вясны і восені. Крыніца тлумачыла гэта бояззю кіраўніка дзяржавы за сваё жыццё пасля нападаў беспілотнікаў па аб'ектах у горадзе. Да сакавіка 2024 года ў Сочы нават зруйнавалі афіцыйную рэзідэнцыю прэзідэнта РФ «Бачароў Ручай».