15 снежня 2025, панядзелак, 11:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія генералы ваяваць не наймаліся

3
Беларускія генералы ваяваць не наймаліся

Бо можна ўспароцца на наступствы.

Учора генерал Вальфовіч паабяцаў, што іх супольныя вучэнні з Расеяй будуць выключна мірнымі і добразычлівымі. Таму што яны ў прынцыпе супольна з Расеяй вельмі мірныя і добразычлівыя.

І, ведаеш, я думаю, што генерал Вальфовіч можа быць нават не схлусіў. Учора. Не пра прынцыпы, вядома. Пра супольныя вучэнні. А ўсё чаму? Таму што ў беларускіх генералаў не суседзі, а суцэльнае расчараванне.

Беларускія генералы ж столькі разоў тлумачылі гэтым суседзям пра сваю міралюбнасць. Расказвалі, як яны ніколі нікому не пагражалі раней і як не будуць пагражаць цяпер. Аргументы ўсякія падавалі. (Ну тыпу: «зуб даю»). Карацей, рабілі ўсё, што маглі дзеля міру, бяспекі і захавання стабільнасці.

І што ты думаеш? «А нашы суседзі, - як сказаў учора генерал Вальфовіч, - у адказ на нашу добразычлівую рыторыку, разгарнулі групоўку войскаў для правядзення вучэнняў».

Ну ці не вырадкі га? Ты вучыш ролю, стараешся ўсёй сваёй добразычлівай рыторыкай, а яны, замест таго каб расслабіцца, закладваюць наступальныя мінныя палі і збіраюць групоўкі войскаў. А ўкраінскі МЗС наогул параіў беларускім генералам нават блізка не падыходзіць да ўкраінскіх межаў. Каб пазбегнуць трагічных, для беларускіх генералаў непаразуменняў.

Ну і як, пытаецца, можна працаваць у такіх умовах? Усё ж такі, калі з беларускага боку «ніколі не чынілася ніякіх агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны» ў 2022 годзе, абстаноўка была значна больш спрыяльная. Можна было сабе дазволіць. А зараз жа можна ўспароцца на наступствы.

А беларускім генералам гэта непрыемна. Бо яны генералы не для таго, каб ваяваць, а дзеля зусім іншых жыццёвых каштоўнасцяў.

А ваяваць беларускія генералы не наймаліся. На вайне з беларускімі генераламі могуць здарыцца незваротныя пашкоджанні арганізма.

Таму я думаю, што асабіста беларускія генералы ўжо сапраўды нікому не пагражаюць. І не я адзін. Вунь літоўская вайсковая выведка меркавала, што на вучэннях у Беларусі будзе ўсяго восем тысяч чалавек, з якіх расейскіх вайскоўцаў толькі дзве тысячы.

Так што літоўская вайсковая выведка не чакае ад гэтых вучэнняў ніякіх буйных гібрыдных пагроз, акрамя дробнага паскудства. Асабліва калі беларускія генералы перанеслі гэтыя вучэнні далей ад усіх межаў.

Я вось асабіста думаю, што калі б беларускія генералы маглі, то яны б наогул перанеслі гэтыя вучэнні на нявызначаную будучыню. Таму што беларускія генералы ж разумеюць, што дарагі супольнік іх міралюбнасцю цікавіцца не будзе.

І што для дробнай поскудзі з буйнымі наступствамі шмат тысяч расейскіх вайскоўцаў не трэба. Можа, нават наадварот. Чым менш, тым лепш. Заўсёды можна апраўдацца, што ты асабіста нікому ніякага паскудства рабіць не збіраўся.

Беларускія генералы могуць, вядома, пры гэтым пацярпець, але супольнік за іх адпомсціць. Потым. Калі захоча.

Telegram-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках