Зяленскі назваў першыя краіны, чыё грамадзянства ўкраінцы змогуць атрымліваць дадаткова
1- 26.08.2025, 21:51
- 9,872
Раней ва Украіне прынялі закон аб множным грамадзянстве.
26 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у Telegram аб сваёй сустрэчы з прадстаўнікамі Сусветнага кангрэса ўкраінцаў (СКУ).
«Разам гаварылі аб дыпламатычнай працы, ціску на Расею, вяртанні выкрадзеных дзяцей, падтрымцы нашых школьнікаў і прыцягненні інвестыцый у аднаўленне. Абмеркавалі і падтрымку нашых ваяроў. Прадстаўнікі кангрэса распавялі, што ўжо накіравалі сабраныя сродкі на дроны і пікапы для фронту», - напісаў прэзідэнт.
Ён падзякаваў СКУ за дапамогу.
«Размаўлялі і аб множным грамадзянстве. Закон прыняты, у найбліжэйшы час урад прыме неабходныя нарматыўныя акты, і першымі краінамі, дзе прыменяць нормы, стануць Нямеччына, Польшча, Чэхія, ЗША і Канада. Гэта крок для яшчэ большага адзінства ўкраінцаў у свеце», - растлумачыў Зяленскі.
Прэс-служба Зяленскага ўдакладніла, што падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СКУ ён паведаміў, што спачатку механізм множнага грамадзянства будзе ўжыты да Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі, а пасля гэтага плануецца распаўсюдзіць на Канаду і ЗША.
У ліпені Зяленскі казаў, што найперш гэта будуць Нямеччына, Польшча, Чэхія і дзяржавы Балтыі, але «павінны далей думаць і пра Канаду, пра іншыя краіны, дзе шмат украінцаў і дзе так Украіну моцна падтрымліваюць».