На правай руцэ Трампа зноў заўважылі вялікі сіняк
23- 26.08.2025, 18:11
- 12,080
Фотафакт.
У панядзелак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас падпісання ўказаў у Авальным кабінеце не выкарыстоўваў танальны крэм, прадэманстраваўшы цёмны сіняк на кістцы правай рукі. Той жа сіняк быў заўважаны пазней, падчас прыёму ў Белым доме паўднёвакарэйскага калегі Лі Чжэ Мёна. На гэта звярнула ўвагу выданне The Independent.
Падчас размовы з журналістамі Трамп прыкрываў сіняк левай рукой, аднак на некаторых кадрах ён відаць.




Як адзначае выданне, сітуацыя вакол сіняка Трампа спарадзіла спекуляцыі сярод карыстальнікаў у сетцы. Некаторыя з іх выказалі здагадку, што такі сіняк мог застацца ад унутрывеннай кропельніцы, што можа ўказваць на атрыманне Трампам медыцынскай дапамогі. Іншыя дапусцілі, што гэта можа быць следствам частых медыцынскіх працэдур, напрыклад, збору крыві для рэгулярных аналізаў.
Папярэдні раз вялікую чорна-сінюю пляму на руцэ прэзідэнта заўважылі 22 жніўня, тады яе замазалі танальным крэмам. На фота, якое паказала The Daily Beast, сіняк не бачны, аднак рука Трампа на ім пакрытая шчыльным пластом крэму. Выданне напісала, што з моманту паўторнага ўступлення 79-гадовага прэзідэнта на пасаду яму неаднаразова даводзілася хаваць сінякі на правай руцэ з дапамогай касметычных сродкаў.
Белы дом і асабісты лекар Трампа Шон Барабарэла сцвярджаюць, што прэзідэнт знаходзіцца ў «выдатным стане здароўя», а сіняк на руцэ - вынік частых поціскаў рукі і прыёму аспірыну.
«Гэта адпавядае нязначнаму раздражненню мяккіх тканак праз частыя поціскі рукі і прыём аспірыну, які прымаецца ў рамках стандартнай схемы прафілактыкі сэрцава-судзінных захворванняў», – заявіў лекар Трампа, дадаўшы, што такія сінякі – гэта добра вядомы і бяскрыўдны пабочны эфект аспірынавай тэрапіі.
У ліпені падчас прэс-канферэнцыі прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт паведаміла, што лекары правялі двухбаковае ультрагукавое даследаванне ніжніх канечнасцяў прэзідэнта, якое выявіла хранічную вянозную недастатковасць. Яна дадала, што гэта «распаўсюджанае захворванне» сярод людзей, старэйшых за 70 гадоў, і «няма ніякіх довадаў» трамбозу глыбокіх вен або захворвання артэрый.
У красавіку Белы дом апублікаваў вынікі медагляду Трампа. Медыкі палічылі Трампа гатовым да выканання абавязкаў прэзідэнта. Ён прайшоў кагнітыўны тэст, набраўшы максімальную колькасць балаў. У заключэнні сказана, што Трамп цяпер ужывае толькі прэпараты для кантролю за ўзроўнем халестэрыну, аспірын для «сардэчнай прафілактыкі» і крэм з маметазонам для лячэння скурных захворванняў.
У прэзідэнта тады дыягнаставалі «добра кіраваны» актынічны кератоз, які без лячэння можа трансфармавацца ў рак скуры.