15 снежня 2025, панядзелак, 22:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея і Іран толькі імітуюць саюз, хаваючы ўзаемную варожасць

Расея і Іран толькі імітуюць саюз, хаваючы ўзаемную варожасць

Звесткі ўкраінскай выведкі.

Расея і Іран толькі робяць выгляд, што яны хаўруснікі. Насамрэч дзве краіны разглядаюць адна адну як патэнцыйных ворагаў.

Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на прэс-службу Службы замежнай выведкі Украіны.

«Нягледзячы на публічнае збліжэнне, стасункі паміж Расеяй і Іранам прасякнутыя недаверам і схаваным спаборніцтвам», - падкрэслілі ў выведцы.

Зрэшты, гэта праяўляецца ва ўзаемным шпіянажы і супярэчлівых геапалітычных інтарэсах.

У СЗВ нагадалі, што яшчэ ў чэрвені падчас 12-дзённай вайны Ізраіля і Ірана чалец Савета ў вызначэнні палітычнай мэтазгоднасці Ірана Сеед Махамад Садр абвінаваціў Расею ў перадачы Ізраілю выведвальных звестак аб размяшчэнні іранскіх сістэм СПА. Ён адзначаў, што гэта дэманструе марнасць хаўрусу з Масквой.

«Расея асудзіла напад Ізраіля на Іран толькі на словах, але фактычна спрыяла яму», - адзначыў Садр.

Таксама, як дадалі ў выведцы, пасля 2022 года Расея ўклала значныя сумы ў Іран і да 2024 года стала найбуйнейшым замежным інвестарам у краіне. У 2023 годзе аб'ём інвестыцый дасягнуў 2,7 млрд даляраў, а ў нафтагазавую галіну Масква паабяцала ўкласці яшчэ 8 млрд даляраў.

У Бушэры (іранскі горад) працуе расейская атамная электрастанцыя і будуецца яе другі блок, а ў правінцыі Хармазган узводзяць ТЭС «Сірык». Расейская нафтавая кампанія «ЗН Усход» актыўна працуе ў Іране, сярод ключавых праектаў – чыгунка «Рэшт – Астара», якая фінансуецца Расеяй, і газаправод праз Азербайджан.

«Аднак гэтыя амбіцыйныя планы пад пагрозай. Гістарычны недавер, падмацаваны сучаснымі канфліктамі інтарэсаў, робіць «саюз» двух рэжымаў ілюзорным. Масква губляе не толькі Іран, але і статус глабальнага гульца на Блізкім Усходзе», - падкрэслілі ў СЗВ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках