Арменія і Брытанія дамовіліся стаць стратэгічнымі партнёрамі
- 26.08.2025, 17:31
- 1,730
Яшчэ адзін крок Ерэвана да разрыву з Крамлём.
Арменія і Вялікая Брытанія дамовіліся перавесці двухбаковыя дачыненні на ўзровень стратэгічнага партнёрства, паведамляе The Moscow Times. Адпаведная пастанова была прынятая пасля другога раўнда стратэгічнага дыялогу паміж дзвюма дзяржавамі, вынікае з супольнай заявы, распаўсюджанай прэс-службай МЗС Арменіі. У дакуменце зазначаецца, што бакі маюць намер пашырыць супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і абароны. Зрэшты, плануюцца кантакты на высокім узроўні, абмен вайсковымі аташэ, а таксама ўзмацненне ўзаемадзеяння ў галіне кібербяспекі і процідзеяння гібрыдным пагрозам.
Асаблівая ўвага ўдзяляецца эканамічнаму кірунку: бакі падкрэслілі важнасць паглыблення дзелавых сувязей, падтрымкі інклюзіўнага развіцця Арменіі, правядзення рэформ і дыверсіфікацыі эканомікі - у тым ліку пры супрацоўніцтве з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Таксама Ерэван і Лондан абмеркавалі падрыхтоўку пагаднення аб усёабдымным і пашыраным партнёрстве.
Вялікая Брытанія, са свайго боку, прывітала дамоўленасці паміж Арменіяй і Азербайджанам, дасягнутыя ў Вашынгтоне, назваўшы іх вызначальнымі крокамі на шляху да нармалізацыі дачыненняў паміж Ерэванам і Баку.
Другі раўнд стратэгічнага дыялогу прайшоў пад кіраўніцтвам намесніка міністра замежных спраў Арменіі Ваана Кастаняна і дзяржаўнага сакратара Вялікай Брытаніі ў справах Еўропы і Паўночнай Амерыкі Стывена Даўці. Першая сустрэча ў аналагічным фармаце адбылася ў 2023 годзе ў Лондане.
На фоне збліжэння з Вялікай Брытаніяй Арменія таксама развівае партнёрства з ЗША: 14 студзеня ў Вашынгтоне была падпісаная дамова аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі. З амерыканскага боку ў цырымоніі ўдзельнічаў тагачасны дзяржсакратар Энтані Блінкен. Пагадненне прадугледжвае ўзаемадзеянне ў палітычнай, абароннай, эканамічнай, энэргетычнай, навуковай і культурнай сферах, а таксама дапамогу Арменіі ў правядзенні вайсковых і эканамічных рэформ.