У Беларусь прыбываюць воінскія кантынгенты краін АДКБ
10- 26.08.2025, 16:55
- 5,146
Для цэлага шэрагу супольных вучэнняў.
Прыбыццё ў Беларусь воінскіх кантынгентаў краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) анансавала прэс-служба аб'яднання, піша «Позірк».
Паведамляецца, што да 29 жніўня кантынгенты «зробяць перагрупоўку» ў Беларусь у рамках супольных вучэнняў з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ «Узаемадзеянне-2025», «Пошук-2025» і «Эшалон-2025».
Кантынгенты накіроўваюцца з Казахстана, Кыргызстана, Расеі і Таджыкістана «ў раёны правядзення вучэнняў у адпаведнасці з планам», гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што на палігонах «Ласвіда» і «Лепельскі» (абодва - Віцебская вобласць) з 31 жніўня да 6 верасня адбудуцца вучэнні, «якія аб'ядноўваюць падрыхтоўку розных кампанентаў войск (калектыўных сіл) АДКБ».
Вучэнні «Узаемадзеянне-2025», як заяўляецца, «нацэленыя на адпрацоўку пытанняў падрыхтоўкі і правядзення супольнай аперацыі па ўдзелу ў развязанні крызіснай сітуацыі на тэрыторыі дзяржавы - члена АДКБ».
У рамках вучэнняў «Пошук-2025» будуць «адпрацоўвацца пытанні арганізацыі і вядзення выведкі ў інтарэсах КСАР АДКБ», вучэнні «Эшалон-2025» прадугледжваюць «адпрацоўку пытанняў арганізацыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння».
«Асаблівасцю гэтых вучэнняў у 2025 годзе з'яўляецца тое, што задумы іх правядзення цесна ўвязаныя з задумай супольнага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі «Захад-2025», - заявілі ў арганізацыі.
Начальнік аб'яднанага штаба АДКБ Андрэй Сердзюкоў падчас выступу напярэдадні на брыфінгу «асабліва падкрэсліў, што вучэнні, якія праводзяцца ў фармаце АДКБ, з'яўляюцца планавымі, не накіраваныя супраць трэціх краін і маюць на мэце ўдасканаленне зладжанасці органаў кіравання і войск, а таксама падтрыманне гатоўнасці фармаванняў сіл і сродкаў да выканання задач па прызначэнні».