Абаронны шчыт: як Украіна ўзмацняе ўласны ВПК
- 26.08.2025, 16:27
- 1,704
Кіеў дамовіўся з шэрагам партнёраў аб маштабаванні вытворчасці беспілотнікаў.
Кіеў будзе дзеліцца дасведам вытворчасці і выкарыстання дронаў з Аўстраліяй. Ва Украіну прыехала дэлегацыя гэтай краіны на чале з дырэктарам па развіцці аб'яднаных сіл - брыгадным генералам Грантам Чэмберсам. Кіеў таксама ўжо дамовіўся з шэрагам партнёраў аб фінансаванні і маштабаванні вытворчасці беспілотнікаў. Аб тым, як Украіна ва ўмовах вайны ўзмацняе свой вайскова-прамысловы комплекс, распавялі журналісты FREEДОМ.
Кіеў і Вільня будуць супольна вырабляць абаронную прадукцыю для ўмацавання бяспекі абедзвюх краін. Адпаведны ліст аб намерах падпісалі ў Кіеве кіраўнікі абаронных ведамстваў Украіны і Літвы Дзяніс Шмыгаль і Давіле Шакалене. Гэта створыць магчымасці для запуску новых прадпрыемстваў, развіцця ўкраінскіх кампаній у Літве і абмен тэхналогіямі. Дарэчы размова ідзе аб дальнабойных беспілотніках.
- Важна, што Літва прадоўжыць накіроўваць 0,25% свайго ВУП на вайсковую дапамогу Украіне да 2027 года. Гэта моцны сігнал аб доўгатэрміновай падтрымцы нашых воінаў. Засяродзіліся на прыцягненні дадатковага фінансавання для закупаў узбраення і развіцця ўкраінскай прамысловасці. Дзякуй Літве за сістэмную і нязменную падтрымку Украіны на шляху да перамогі, - адзначыў міністр абароны.
Да супольнага з Украінай вырабу дронаў плануе падключыцца і Атава. Аб гэтым заявіў прэм'ер -міністр Канады Марк Карні падчас візіту ў Кіеў 24 жніўня. З яго слоў, у краіне пачалася падрыхтоўка да размяшчэння магутнасцей па вытворчасці дронаў для ўзмацнення УСУ. На фінансаванне ініцыятывы Канада выдзеліць частку сродкаў з 2 млрд даляраў, якія перадае Украіне ў рамках дамоўленасцей па G7.
- Мы выдзелім больш за 200 млн даляраў на супольную вытворчасць абаронных матэрыялаў у нашых дзвюх краінах, прынамсі, сучасных беспілотных лятальных апаратаў, з прыцягненнем канадскіх пастаўшчыкоў, - адзначыў Карні.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі акцэнтаваў, што ёсць дакладныя дамоўленасці, план дзеянняў па рэалізацыі пагаднення аб бяспецы паміж краінамі.
- Таксама пагадненне аб адміністрацыйнай дапамозе ў мытных справах было падпісанае на ўзроўні нашых міністраў і дамоўленасць аб вытворчасці дронаў, - растлумачыў прэзідэнт Украіны.
Досвед Кіева ў развіцці дронавай індустрыі будзе пераймаць Канбера. Ва Украіну прыбыла аўстралійская дэлегацыя. У яе складзе - эксперты па беспілотных сістэмах і тэхналогіях. Канбера зацікаўленая ў маштабаванні вытворчасці беспілотнікаў, а таксама іх баявым выкарыстанні і падрыхтоўцы адпаведнага персаналу.
- Мы ўдзячныя Аўстраліі за палітычную і фінансавую дапамогу, а таксама за пастаўкі зброі. Са свайго боку гатовыя дзяліцца досведам у развіцці дронавай індустрыі, - заявіў намеснік міністра абароны Украіны Сяргей Боеў.
Нарвегія гатовая дапамагаць з развіццём вытворчасці ўкраінскіх дронаў, заявіў прэм'ер-міністр краіны Ёнас Гар Сцьёрэ ў Кіеве 25 жніўня. Раней Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што з пачатку года Нарвегія выдзеліла 400 млн даляраў на закупы ўкраінскіх БПЛА.
- Нарвегія з'яўляецца ўдзельніцай кааліцыі дронаў і мы інвестуем ва ўкраінскую прамысловасць. Мы скарыстаемся гэтым візітам, каб прасоўвацца ў гэтым кірунку і найбольш эфектыўна вырабляць такое ўзбраенне, - адзначыў прэм'ер Нарвегіі.
У 2025-2026 гадах Осла мае намер выдзеліць амаль 8, 5 млрд даляраў на падтрымку Кіева паводле праграмы «Нансена». Яна разлічаная на падтрымку Украіны з 2023 да 2027 года. Размеркаванне сродкаў адбываецца штогод у адпаведнасці з патрэбамі Украіны.
- Я папрасіў прэм'ер-міністра разгледзець магчымасць накіравання менавіта на робаты сродкаў, якія засталіся на гэты год паводле праграмы «Нансена». Гэта будзе вельмі і вельмі адчувальна. І чым больш будзе нашых дронаў як для абароны пазіцый, так і для дальнабойных удараў, тым больш сур'ёзны ціск будзе на Расею дзеля міру, - заявіў Зяленскі.
Таксама прэзідэнт падзякаваў Нарвегіі за пастаўкі зенітна-ракетных комплексаў NASAMS. З яго слоў, Кіеў спадзяецца наладзіць супольную вытворчасць ЗРК. Акрамя таго, напярэдадні Осла разам з Берлінам паведамілі аб выдзяленні 700 млн даляраў на закуп СПА для Украіны, гаворыцца на сайце ўрада Нарвегіі.