Ударны дрон упаў і выбухнуў у Эстоніі
4- 26.08.2025, 14:45
- 5,892
На месцы здарэння ўтварылася варонка.
У Эстоніі мясцовы фермер знайшоў абломкі ўдарнага дрона а 15 гадзіне 25 жніўня ў воласці Элва павета Тартумаа. На месцы здарэння ўтварылася варонка ад выбуху.
Праваахоўнікі мяркуюць, што гэта мог быць украінскі беспілотнік, збіты з курсу расейскім сродкам радыёэлектроннай барацьбы, піша 26 жніўня эстонскае выданне ERR. Генеральны дырэктар Дэпартамента паліцыі бяспекі Марго Паласон паведаміў, што ў выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.
«Паводле папярэдніх звестак, мы маем падставы меркаваць, што гэта мог быць украінскі дрон, нацэлены на аб'екты на тэрыторыі Расеі, але які Расея з дапамогай GPS-глушэння і іншых сродкаў электроннай барацьбы збіла з курсу, і ён адхіліўся ў паветраную прастору Эстоніі. На гэты момант нішто не паказвае на тое, што гэта мог быць расейскі дрон», — заявіў Паласан.
Ён дадаў, што са звестак следства гэта быў менавіта вайсковы дрон, паколькі да яго было прымацавана выбуховае рэчыва. Паласан адзначыў, што калі б гэты БПЛА трапіў у жылы дом, ён мог бы выклікаць значныя разбурэнні.
Паласан адзначыў, што гэта быў вайсковы дрон, да якога было прымацавана выбуховае рэчыва, і яно таксама выбухнула. Калі б ён упаў на жылы дом, ён мог бы выклікаць сур'ёзныя разбурэнні. Паліцыя мяркуе, што беспілотнік мог заляцець у Эстонію як з РФ, так і з Латвіі.
Таксама паведамляецца, што раніцай 24 жніўня Дэпартамент паліцыі і памежнай абароны назіраў за беспілотнікам, які рухаўся над Чудскім возерам і ўпаў у возера на тэрыторыі РФ.
У Эстоніі ўпаў і выбухнуў дрон: рэакцыя ўрада
Эстонскі міністр абароны Хано Пеўкур адзначыў, што дрон упаў на тэрыторыі яго краіны праз тое, што Крэмль прадаўжае вайну, а Украіна павінна абараняць сябе.
Пры гэтым начальнік выведвальнага цэнтра Сіл абароны Антс Ківісельг сказаў, што глушэнне GPS-сігналу расейскімі вайскоўцамі было накіраванае на абарону стратэгічных аб'ектаў на тэрыторыі РФ і не нацэльвалася непасрэдна на Эстонію або іншыя краіны-чальцы Паўночнаатлантычнага альянсу (NATO).