Прэзідэнт Польшчы прапануе павялічыць тэрмін, які трэба пражыць у краіне, каб атрымаць грамадзянства
5- 26.08.2025, 11:58
- 10,936
Беларусам на вока
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прапанаваў праект закона, які павялічвае тэрміны пражывання ў краіне для атрымання грамадзянства Польшчы, паведаміла яго прэс-служба.
— Той, хто атрымлівае польскае грамадзянства, уплывае на будучыню нашай нацыянальнай супольнасці. Працэс выдачы грамадзянства павінен быць падоўжаны з трох да дзесяці гадоў, — падкрэсліў Караль Навроцкі.
Мабыць, гаворка ідзе пра працягласць пражывання ў Польшчы са сталым ДНЖ. Раней аналагічная прапанова ўтрымлівалася ў праекце закона, распрацаваным партыяй «Права і справядлівасць» (PiS), якая падтрымлівала Наўроцкага на выбарах, піша Most.
Якія ўмовы дзейнічаюць зараз
Зараз атрымаць польскае грамадзянства можа замежнік, які пражывае ў Польшчы не менш за тры гады на падставе карты сталага побыту або карты доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ. Акрамя таго, замежнік павінен мець стабільную крыніцу даходу, права карыстання жылым памяшканнем, а таксама ведаць польскую мову на ўзроўні не ніжэй за B1.
Але ёсць і іншыя магчымасці. Напрыклад, калі карта сталага побыту атрыманая на падставе польскіх каранёў, тэрмін скарачаецца да аднаго года. А калі замежнік складае шлюб з грамадзянінам Польшчы і пастаянна пражывае ў Польшчы з картай сталага побыту — да двух гадоў. Калі карту сталага побыту замежнік атрымаў у сувязі са статусам уцекача, то ў Польшчы дастаткова пражыць два гады.
Як могуць змяніць закон
Падрабязнасцей пра прэзідэнцкі варыянт закона не падаецца. Але той варыянт, які прапаноўваў PiS, не пераглядаў пункты, якія тычацца асаблівых катэгорый, згаданых вышэй. А ў агульных выпадках прапаноўваў павялічыць тэрмін пражывання на падставе карты сталага побыту або доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ, неабходных для падачы на грамадзянства, з трох да дзесяці гадоў.
Цікава, што зараз, згодна з іншай нормай, прэтэндаваць на грамадзянства можа кожны замежнік, які легальна пражывае ў Польшчы на працягу 10 гадоў і мае карту сталага побыту або доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ. Пры гэтым не мае значэння, як доўга ён мае карту сталага побыту.
Іншыя прапановы
Гэта не адзіная ініцыятыва, якая тычыцца імігрантаў. Наўроцкі наклаў ветa на абноўлены закон аб дапамозе грамадзянам Украіны, паколькі ў ім не ўтрымліваецца нормы, што дапамога 800+ павінна выплачвацца на дзяцей толькі тых украінцаў, якія працуюць у Польшчы. Прэзідэнт намагае на яе прыняцці. Мабыць, такі пункт будзе распаўсюджаны на ўсіх замежнікаў, незалежна ад грамадзянства.