У Гомельскай вобласці пенсіянер паставіў на месца ЖКГ
- 26.08.2025, 11:27
- 7,326
Ён атрымаў вялікую кампенсацыю.
Упаўшы на лёд і атрымаўшы траўму мінулай зімой у Жлобіне (Гомельская вобласць), пенсіянер праз суд атрымаў ад прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі кампенсацыю шкоды сумай 5 тысяч рублёў (1474 даляры).
У пазове ён указаў, што атрымаў траўму па дарозе ў краму, пасля гэтага яму была зроблена аперацыя, «далей — працяглае лячэнне як стацыянарна, так і амбулаторна». Якія менавіта траўмы атрымаў пенсіянер, не паведамляецца, як і дзень, калі гэта здарылася.
Згодна з дамовамі з мясцовым ЖЭУ, «дарожкі і ходнікі вакол дома арганізацыя абавязваецца ўтрымліваць у належным стане, што не было выканана ў дзень падзення пазоўніка».
Паколькі адказчык «няякасна выконваў работы ачышчэння асфальту ад лёду і снегу», суд прыйшоў да высновы аб абгрунтаванасці пазоўных патрабаванняў. Суд Жлобінскага раёна пастанавіў спагнаць з камунальнай арганізацыі на карысць пенсіянера грашовую кампенсацыю.
Таксама паведамляецца, што, «праверыўшы законнасць і абгрунтаванасць пастановы суда першай інстанцыі», судовая калегія ў грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суда пастанову пакінула без змен, а апеляцыйную скаргу адказчыка — без задавальнення, пастанова суда ўвайшла ў дзеянне.