«Цана выклікала сапраўдны шок»
9- 26.08.2025, 10:28
- 3,790
Беларусы адзначаюць, што бананы і нават манга каштуюць значна танней за яблыкі.
Беларусы ў шоку: цана яблыкаў даходзіць амаль да 12 рублёў за кілаграм. У TikTok з’яўляецца ўсё больш відэаролікаў з шакавальнымі цэннікамі, піша BGmedia.
«Купляйце беларускае!» — але толькі калі знойдзеце
Так, у «Короне» кілаграм бэльгійскіх яблыкаў каштуе амаль 8 рублёў, а беларускія — блізу шасці рублёў. На паліцах суседнічаюць садавіна з ПАР, Францыі, Нідэрландаў, Польшчы, а беларускія «аналагі» цясняцца ў кутку і далёка не першай якасці.
«Крама «Корона». Яблыкі Бэльгія, Расея, ПАР, Францыя, Нідэрланды, Польшча і сціпла-ціпла ў кутку, страхотныя Беларусь. Купляйце беларускае! Усе краіны свету», — іранізуе аўтар аднаго з ролікаў.
У сетцы «Green» сітуацыя яшчэ больш абсурдная: яблыкі з ПАР — па 10,88 рубля, у той час як манга з Бразіліі можна купіць амаль на тры рублі танней — за 7,99.
У Салігорску наведвальнік зняў цэннікі: бананы па 4,90 рубля, а яблыкі з Гішпаніі — 9,59.
«Гледзячы на цэны, можна падумаць, што бананы растуць у Беларусі, а яблыкі ў Эквадоры», — жартуе аўтар.
У Берасцейскай вобласці ў райпо кілаграм польскіх яблыкаў — 9,35 рубля.
«Сонная прыгажуня» памерла не ад яблыка, а пасля таго, як паглядзела на гэты цэннік. У нас бананы па чатыры рублі з Афрыкі», — іранізуе мужчына ў відэа.
«Гэта ўжо занадта»
Відэаролікі з цэнамі яблыкаў не маглі застацца без увагі карыстальнікаў. Праблема актуальная, таму рэакцыя не прымусіла сябе чакаць.
«А цэны якія! Гэта ў сезон, а што будзе зімой і восенню».
«Сусвет з розуму з’ехаў з гэтымі цэнамі. Такое ўражанне, што яблыкі растуць у Эквадоры, а бананы ў нас у Беларусі».
«Цана выклікала сапраўдны шок».
@petrovichdimon #ценышок#фрукты#Беларусь#спеснейпожизни#Солигорск ♬ оригинальный звук - Petrovich
«Гэта ўжо занадта, з трох рублёў да адзінаццаці!»
«Усё проста: купіў танна, прывёз, а прадаў касмічным коштам. Навошта ім прадаваць нашыя танныя прадукты».
«Гэта развіццё 30 гадоў».
Некаторыя карыстальнікі пісалі пра няўраджайны год праз замаразкі.
«Я бачыла ў навінах — малы ўраджай яблыкаў і буракоў. Таму рыхтуемся…».
«Калі яблыні цвілі, было некалькі дзён марозу. Вось і няма ўраджаю».
«А нічога, што мароз быў у гэтым годзе, калі сады цвілі? Пяць дзён марозіла. Якіх яблыкаў вы хочаце?».
Але многія слушна падаюць у прыклад суседнюю Польшчу: клімат той жа, а з ураджаем яблыкаў усё ў парадку.
«Ад Берасця да Варшавы ўсяго 200 км. Там яблыкаў гаць-гаці, а ў нас пуста».
«А Беларусі ўвесь час кажуць — вінаватыя Еўропа і Амерыка, а цяпер спіхнулі на маразы».
«Да чаго тут маразы? У кагосьці няма яблыкаў у гэтым годзе, але ў многіх ёсць. А цана яблыкаў — проста жах. Не такая павінна быць цана».
Многія ўспамінаюць нядаўнюю гісторыю з бульбай, калі абяцалі «свайго хопіць», а ў выніку на паліцах красаваліся імпартныя і дарагія клубні.
Польшча побач — яблыкі таннейшыя
Пры гэтым у суседняй Польшчы дэфіцыту няма. Там ураджай добры, яблыкі — звыклы і даступны набытак. Паводле звестак Цэнтральнай статыстычнай управы краіны-суседкі, ураджай яблыкаў у 2025 годзе нават павялічыцца прыкладна на 6% у параўнанні з мінулым годам.
Азначае, што рэч не ў замаразках.
Рэальнай прычынай можа быць няўрод у краіне, дзе 31 год кіруе «крэпкі хазяйсцвенік» і «канферансье» ў адной асобе.