Sky News паказала сакрэтны завод для вытворчасці дронаў ва Украіне
1- 26.08.2025, 9:59
- 10,500
Гэта сапраўдная гонка інавацый.
Брытанскае выданне Sky News атрымала эксклюзіўны доступ да аднаго з украінскіх заводаў вытворчасці беспілотнікаў, каб паказаць, як краіна выкарыстоўвае тэхналогіі ў вайне супраць Расеі.
Як піша выданне, кампанія General Cherry Drones, заснаваная добраахвотнікамі ў пачатку паўнамаштабнага ўварвання, павялічыла вытворчасць у тысячу разоў: са 100 дронаў на месяц — да сотняў тысяч. Але, паводле слоў прадстаўніка кампаніі Андрэя Лаўрэновіча, гэтага ўсё адно недастаткова для фронту.
«У расейцаў шмат войскаў, шмат тэхнікі. Нашы жа салдаты штодня кажуць нам: нам трэба больш, лепш, хутчэй», — падкрэсліў ён.

Падобнае меркаванне выказаў і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Ён заявіў, што Расея нарошчвае вытворчасць дронаў, тады як Украіна не можа пашырыць маштабы праз нястачу фінансавання.
Заводы ўвытворчасці беспілотнікаў трымаюць у сакрэце і нават перамяшчаюць, каб пазбегнуць расейскіх удараў. У памяшканнях, якія звонку выглядаюць як звычайныя офісы, беспілотнікі збіраюць уручную — ад квадракоптараў з выбухоўкай да апаратаў, здольных атакаваць расейскія выведвальныя дроны. Перад адпраўкай на фронт кожны апарат тэстуюць.
Кошт аднаго ўкраінскага дрона — блізу 1000 даляраў. Пры гэтым ён можа знішчыць варожы самалёт, які каштуе ў сотні разоў больш.

Аднак Расея спрабуе дагнаць. Прапагандысцкія кадры з яе заводаў паказваюць сотні новых ударных беспілотнікаў «Герань», гатовых да запуску па Украіне. Крэмль удасканальвае іранскія Shahed, робячы іх хутчэйшымі і больш смяротнымі.
Акрамя таго, РФ развівае тэхналогіі беспілотнікаў, якімі кіруюць праз аптычна-валаконны кабель, і іх немагчыма заглушыць.
Ва Украіне таксама ствараюць падобныя мадэлі, аднак расейцы пачалі вытворчасць раней і атрымалі падтрымку з Кітая.
Украінскія інжынеры адзначаюць: гэта пастаянная гонка інавацый, якая ператварае вайну ў «навукова-фантастычную бітву машын». Паводле іх звестак, ужо 80% удараў на фронце наносяць дроны.
Журналісты Sky News робяць выснову: той, хто атрымае перавагу ў беспілотнай вайне ва Украіне, будзе мець яе і ў будучых глабальных канфліктах.