«Данецк ператварылі ў Паўночную Карэю»
16- 26.08.2025, 15:26
- 31,044
Украінка расказала The Times пра жыццё ў акупацыі.
Калі ў 2014 годзе расейскія войскі ўварваліся ва Украіну, каб справакаваць на Данбасе сепаратысцкае паўстанне і стварыць марыянетачныя дзяржавы, Марце было ўсяго 7 гадоў. Дзяўчына расказала выданню The Times пра сваё жыццё ў акупацыі, чаму яна надумала ўцячы ў Кіеў і як ёй гэта ўдалося.
Тады дзяўчынка разам з бацькамі жыла ў Марыюпалі Данецкай вобласці, які расейскія акупантамі хацелі захапіць, але ім гэта не ўдалося. Бацькі вырашылі пераехаць у Данецк, яе родны горад, які ўжо быў пад кантролем сепаратыстаў.
Праз 11 гадоў Марта змагла здзейсніць смелыя і складаныя ўцёкі. Да гэтага некалькі гадоў яна падтрымлівала таемную сувязь, перавучвалася страчанай мове і ідэнтычнасці.
«Я нарэшце адчуваю, што я дома. Я са сваімі людзьмі», — распавяла Марта ў кавярні ў цэнтры Кіева.
Выданне адзначае, што цяпер 20% тэрыторыі Украіны і як мінімум тры мільёны ўкраінцаў жывуць пад расейскай акупацыяй. На гэтай тэрыторыі краіна-агрэсарка будуе вайсковую інфраструктуру, каб дэстабілізаваць украінскую дзяржаву і ўзяць яе пад свой кантроль.
Указваецца, што Марта пакуль не ведае, што з яе маці, якая засталася жыць у акупаваным Марыюпалі, а яе пастанова выклікала раскол у сям’і. Дзяўчына не разумее, як яе маці была спакушаная прарасейскімі наратывамі.
Марта згадала, як яны з сям’ёй вярталіся ў Данецк у 2014 годзе, дзе яна нарадзілася ў 2007 годзе.
«Я была ў машыне з бацькам і маці і ўбачыла велізарны расейскі плакат. На ім было напісана: «Данецк — гэта заўсёды Расея, мы — адзін народ». І я падумала: што ж адбываецца?» — расказала Марта.
Паводле ейных слоў, школа ў акупаваным Данецку ператварылася ў суцэльную прапаганду.
«Проста абсурдныя рэчы, у якія немагчыма паверыць. Але мае бацькі ў іх верылі», — падзялілася дзяўчына.
Адзначаецца, што за 5 дзён да поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну жыхарам Данецка паведамілі, што ўкраінцы рыхтуюць напад на іх, і часова эвакуявалі ў Растоў на паўднёвым захадзе Расеі.
З 2014 да 2022 года пад выглядам перамоў у межах Менскіх працэсаў Расея выкарыстоўвала акупаваны Данбас і Крым як плацдарм для поўнамаштабнага ўварвання.
Пазней краіна-агрэсарка правяла псеўдарэферэндумы на захопленых украінскіх тэрыторыях — у Данецку, Луганску, Херсоне і Запарожжы, хаця ніводную з іх ворагу не ўдалося цалкам захапіць. Таксама Расея змяніла канстытуцыю, уключыўшы гэтыя тэрыторыі ў свой склад.
Пасля гэтага жыхароў сталі прымушаць атрымліваць расейскі пашпарт. Без яго, як расказаў былы дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка, жыхары не могуць атрымаць важныя паслугі. Напрыклад, без расейскага пашпарта на акупаваных украінскіх тэрыторыях нельга купіць лекі ці білет на аўтобус, зарэгістраваць маёмасць і г.д.
Даведвацца пра жыццё на захопленых Расеяй тэрыторыях Украіне дапамагаюць уцекачы, шэраг арганізацый супраціву, якія перадаюць інфармацыю і ажыццяўляюць дыверсійныя атакі за лініяй фронту і падобнае.
«Большая частка Данбаса ўжо сёння з’яўляецца расейскай вайсковай базай. Тое, што бачна, — гэта, магчыма, менш за 1% ад усяго. Расейскія салдаты цяпер размешчаныя ў казармах у кожным населеным пункце. Сярод новых казармаў — дамы, канфіскаваныя ў тых, хто ўцёк», — распавёў Андрушчанка.
Выданне працягвае: Марта надумала ўцячы з акупаванага Данецка, калі пачалася поўнамаштабная вайна. Дзяўчына пачала таемна вывучаць украінскую мову і звязалася з сястрой сваёй маці, якая пераехала ў Кіеў да сваёй дачкі.
У свой 18-ы дзень нараджэння дзяўчына пачала пераносіць рэчы да сяброўкі. Аднаго ранку яна паехала ва ўніверсітэт, а затым сабрала рэчы, села ў арэндаваную машыну і паехала ў расейскі Растоў.
У публікацыі гаворыцца, што пражская арганізацыя «Helping to Leave» дамовілася, каб нехта сустрэўся з ёй і пасадзіў на цягнік да Менска. Аднак на мяжы Беларусі і Украіны ёй адмовілі ва ўездзе без дакументаў, што пацвярджаюць яе паходжанне.
Дзяўчына мусіла вярнуцца ў Менск і чакаць, пакуль пасольства апрацуе дакументы. Яна не магла ўздыхнуць з палёгкай, пакуль не дабралася да чыгуначнага вакзала ў Кіеве.
«Тады я змагла расслабіцца і агледзела Кіеў. Данецк, горад, дзе я нарадзілася, ператварыўся ў Паўночную Карэю. А Кіеў — гэта горад, які даў мне прытулак», — падзялілася Марта.
Цяпер дзяўчына жыве са сваёй цёткай, наведвае тэрапію і падае дакументы на навучанне ва ўніверсітэце на факультэт усходніх моў.
Марта не мае сувязі з маці, бо тая яе заблакавала. Аднак дзяўчына напісала таемна свайму 13-гадоваму брату, што чакае яго, калі ён надумае з’ехаць. Адказу яна не атрымала.
«Я пастаянна думаю пра ўсіх тых людзей, якія, як і я, не проста чакаюць магчымасці з’ехаць, а чакаюць, калі горад зноў вернецца пад кантроль Украіны», — сказала дзяўчына.