Расею могуць пазбавіць радыёчастот для цывільнай авіяцыі
7- 23.08.2025, 20:15
- 8,354
Праз глушэнне GPS над Балтыкай.
Міжнародная арганізацыя мірнай авіяцыі (ІКАО) можа пазбавіць Расею правоў на існыя і новыя радыёчастоты для мірнай авіяцыі ў якасці адказу на масавыя выпадкі глушэння GPS у раёне Балтыйскага мора, паведамляе Bloomberg.
Фінляндыя, Эстонія, Латвія і Літва ў канцы чэрвеня звярнуліся са скаргай аб узмацненні перашкод радыёнавігацыі з боку Расеі ў Міжнародны саюз электрасувязі (МСЭ), вынікае з ліста, які вывучыла агенцтва. У пачатку ліпеня гэтыя ж краіны разам са Швэцыяй і Польшчай у лісце ў ІКАО паведамілі аб актывізацыі расейскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).
Дарэчы, Вільня адзначала 22-кратны рост частаты глушэння сігналаў GPS у параўнанні з папярэднім годам. Паводле звестак Управы ў рэгуляванні сувязі Літвы, колькасць самалётаў, якія зазналі ўздзеянне перашкод, у першым паўгоддзі 2025-га вырасла прыкладна на 17% у параўнанні з перыядам з ліпеня да снежня 2024-га (з прыкладна 5100 да 6222 разоў).
Колькасць выпадкаў глушэння Глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы Galileo (GNSS) над Польшчай з чэрвеня 2024 да ліпеня 2025 года ўзляцела больш як у сем разоў, з 347 да 2,5 тысячы адпаведна, паведамляла Управа цывільнай авіяцыі рэспублікі.
Вывучыўшы звесткі аб такіх парушэннях, у ІКАО прыйшлі да высновы, што крыніцай перашкод з'яўляецца Расея, гаворыцца ў зваротным лісце нагляднага органа. У ІКАО выказалі «сур'ёзную занепакоенасць» бяспекай палётаў, заявіўшы, што калі Расея цягам 30 дзён не падасць агенцтву захады для ліквідацыі перашкод, гэта будзе лічыцца патэнцыйным парушэннем міжнароднага права. Рада дырэктараў МСЭ ў сваю чаргу запатрабавала ад Масквы неадкладна спыніць умяшанне.
Згодна са статутам ІКАО, дзяржавам, якія парушаюць правілы МСЭ, можа быць прыпыненая выдача новых дазволаў на выкарыстанне радыёчастот, а таксама іх абарона. ІКАО і МСЭ з'яўляюцца ўстановамі ААН.