Якое надвор'е чакае беларусаў у апошні тыдзень лета
1- 23.08.2025, 19:09
- 3,706
Прагноз ад вядомага сіноптыка.
Апошні тыдзень жніўня застаецца яшчэ адным шанцам на спякоту і сонца. Ці ўдасца як след выкупацца гэтым летам, расказаў у эфіры АНТ сіноптык Дзмітры Рабаў.
Прагнозы спецыяліста, зрэшты, не цешаць. З яго слоў, у перыяд з 25 да 31 жніўня сярэднядзённая тэмпература апусціцца ніжэй за адзнаку 15°С са знакам плюс, а гэта пачатак кліматычнай восені.
«Увесь тыдзень тэмпература паветра будзе на 2-5 градусаў ніжэйшай за кліматычную норму, ночы таксама будуць прыкметна халаднейшымі. Нібы на двары не жнівень, а верасень», - палохае Рабаў.
Акрамя таго, рэдкі дзень будзе абыходзіцца без дажджоў. На кароткачасовы ўсплёск цяпла можна спадзявацца толькі ў сярэдзіне тыдня - ды і то не ва ўсіх рэгіёнах.
А зараз раскажам аб прагнозах сіноптыка больш падрабязна.
У панядзелак-аўторак на надвор'і адаб’ецца ўплыў атмасферных франтоў і вільготных паветраных мас з Балтыйскага мора. Гэта значыць, што амаль па ўсёй Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень магчымыя і навальніцы.
Уначы чакаецца ад 6°С да 12°С. Удзень у панядзелак будзе ад 11°С на ўсходзе краіны да 23°С на паўднёвым захадзе, у аўторак - ад 15°С у Магілёве да 23°С у Берасці.
Папярэдне, у сярэдзіне і другой палове тыдня надвор'е будуць вызначаць кантрасныя атмасферныя франты. У большасці раёнаў чакаюцца дажджы - ад невялікіх да моцных.
Пераважная тэмпература ўначы ў сераду - ад 6°С да 11°С, удзень - 17...22°С.
Да чацвярга ж ёсць надзея крыху пагрэцца. Уначы будзе 7...13°С, а вось удзень у Берасцейскай вобласці чакаецца да 28°С. Праўда, вось у Гомельскай - усяго 17°С.
У пятніцу прагназуецца ад 13°С на паўночным усходзе да 21°С на паўднёвым усходзе.
У суботу і нядзелю чакаецца няўстойлівае і вільготнае надвор'е. Нікуды не падзенемся і ад кароткачасовых дажджоў, магчымыя нават навальніцы.
Уначы будзе ад 7°С да 14°С, у сярэдзіне дня ў суботу - ад 11°С у паўночнай палове краіны да 24°С на паўднёвым захадзе, у нядзелю ад 11°С на поўначы да 19°С на поўдні.