14 снежня 2025, Нядзеля, 4:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі рацэ вярнулі старое рэчышча XIX стагоддзя

У Беларусі рацэ вярнулі старое рэчышча XIX стагоддзя
р. Нараўка
Фота: Wikipedia

Навошта гэта стала патрэбна?

Рацэ Нараўцы, якая працякае па Белавежскай пушчы, змянілі рэчышча. Але не стварылі ёй новае, а вярнуліся да старога, якое існавала яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Навошта гэта зрабілі, паведамляе сайт нацыянальнага парка «Белавежская пушча».

У XVII стагоддзі з развіццём суднаходства ў Еўропе значна ўзрос попыт на дзелавую драўніну. Хвоя з Белавежскай пушчы ўважалася адной з найлепшых для суднабудавання дзякуючы спалучэнню вышыні, прамасці, трываласці і лёгкасці. Яе выкарыстоўвалі для вырабу мачтаў і элементаў рангоўта (агульная назва прылад для пастаноўкі ветразяў), а таму пастаўлялі на верфі многіх еўрапейскіх краін.

Для паспяховага гандлю драўнінай з Белавежскай пушчы самым зручным спосабам яе дастаўкі ў порт быў сплаў драўніны па рацэ. Аднак яна часта была пераваленая дрэвамі і моцна пятляла. Таму ў XIX стагоддзі рэчышча рэк Лясной, Нараўкі і Наравы расчысцілі, выпрасталі ў каналы і паглыбілі. Акрамя таго, прылеглыя поймы, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сенажацяў, былі меліяраваныя адкрытай сеткай каналаў, якая скідала ваду з поймы і найбліжэйшых лясоў у выпрастанае рэчышча. Праз гэтага значна панізіўся ўзровень грунтавых вод, адбылося ўсыханне рэліктавага лесу.

Больш за 10 гадоў таму ўзнікла ідэя аднавіць рэчышча ракі Нараўкі. Тады гэта падалося дарагім, але ад ідэі не адмовіліся. Навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі супольна з супрацоўнікамі навуковага аддзела нацыянальнага парка правялі даследаванне стану ракі Нараўкі і прылеглых тэрыторый. Высветлілася, што ўзровень грунтавых вод у прылеглых лесабалотных экасістэмах у 1970-х гадах панізіўся да 1,2 м. Акрамя таго, з пачатку пацяплення клімату ў канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў у Нараўцы расход вады знізіўся на 20-30%, цяпер сітуацыя працягвае пагаршацца.

Нараўку наважылі вярнуць у ранейшае рэчышча. Размяшчэнне выгібаў аднавілі з дапамогай старых мапаў і аэрафотаздымкаў. Працу пачалі ў чэрвені, скончылі яе 15 жніўня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках