WSJ: Перад Трампам стаіць выбар
9- 22.08.2025, 19:43
- 18,112
Мірная дыпламатыя правалілася.
Праз усяго тыдзень пасля перамоў прэзідэнтаў Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на Алясцы і праз чатыры дні пасля саміту ў Белым доме стала ясна, што новыя спробы прэзідэнта Трампа дасягнуць найхутчэйшага міру, мабыць, ізноў зайшлі ў тупік, а аптымізм самога прэзідэнта ЗША згас, піша The Wall Street Journal.
У чацвер, 21 жніўня, у сваёй сацсетцы Truth Social Трамп напісаў, што ва Украіны фактычна няма шанцаў перамагчы ў вайне без удараў па тэрыторыі Расеі. «Гэта як выдатная спартовая каманда з фантастычнай абаронай, якой не дазваляюць гуляць у нападзе. Няма ніякіх шанцаў на перамогу!» - напісаў ён, адначасна ў чарговы раз раскрытыкаваўшы свайго папярэдніка Джо Байдэна, які «не дазваляў Украіне адказваць, толькі абараняцца».
Цяпер Трамп, піша WSJ, зноў апынуўся перад выбарам, які быў перад ім цягам усіх сямі месяцаў прэзідэнцтва: наколькі ён гатовы ціснуць на Уладзіміра Пуціна і наколькі далёка гатовы зайсці ў падтрымцы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Як мяркуе газета, ужо зараз зразумела, што надзеі Трампа на хуткую сустрэчу Пуціна і Зяленскага - з яго ўдзелам або без яго - не апраўдаліся. Амерыканскія і еўрапейскія чыноўнікі працягваюць перамовы аб гарантыях бяспекі Кіеву, абмяркоўваючы магчымы фармат міратворчых сіл, якія маглі б быць размешчаныя ва Украіне - хоць пры гэтым Крэмль ужо відавочна заявіў, што яго не задаволіць наяўнасць замежных вайскоўцаў на ўкраінскай тэрыторыі.