Развітанне з Яраславам Еўдакімавым пройдзе ў Менску
6- 22.08.2025, 19:25
- 15,400
Спевака шмат што звязвае з нашай краінай.
Развітанне са спеваком Яраславам Еўдакімавым, аб смерці якога стала вядома сёння, пройдзе ў Менску. Аб гэтым паведаміла расейскаму агенцтву ТАСС яго ўдава Ірына Крапіўніцкая.
Развітанне будзе ў Менску», - пацвердзіла Крапіўніцкая.
Аб смерці Яраслава Еўдакімава ад анкалагічнай хваробы стала вядома 22 жніўня.
Ён памёр у Менску, дзе праходзіў лячэнне.
Яраслаў Еўдакімаў - ураджэнец украінскага Роўна. Ён праславіўся ў 1980-я гады як саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Найбольш вядомыя яго песні — «Фантазёр», «Калодзеж», «За белай ракой», «Ружы белыя», «Усё спраўдзіцца».
Еўдакімаў быў заслужаным артыстам Беларускай ССР (1980), народным артыстам Беларускай ССР (1989), народным артыстам Расеі (2006).
У 1996 годзе спявак пераехаў у Маскву, у 2009-м атрымаў грамадзянства РФ. Пры гэтым актыўна ўдзельнічаў у фестывалях ва Украіне і падтрымліваў культуру гэтай краіны.
У 2017 годзе Еўдакімаў абвінаваціў расейскія ўлады ў развязванні вайны на паўднёвым усходзе Украіны: «Я мяркую, што гэта трагедыя страшная. Я абвінавачваю ва ўсім Крэмль, Пуціна, гоп-кампанію крамлёўскую. Украінцы ім ніколі гэтага не даруюць. Яны загубілі маладыя жыцці, амаль 10 000 чалавек. За што? Што, ім Данбас патрэбны? Крым патрэбны?»
Таксама ён выказваўся супраць таго, каб прэзідэнт краіны займаў сваю пасаду больш за два тэрміны.
Яраслаў Еўдакімаў шэдэўральна выканаў многія песні на словы Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. На жаль, многія іх нават не чулі, бо ў лукашэнкаўскія часы і Някляеў, і Бураўкін, і сам Еўдакімаў трапілі ў чорныя спісы. У выніку апошнія гады жыцця гэтага таленавітага спевака прайшлі не ў Беларусі.