Чаму настаўнікі не павінны ўкладваць плітку?
13- 22.08.2025, 17:33
- 6,798
Каментары беларускіх юрыстаў.
Сайт Charter97.org паведаміў, што аддзел адукацыі Навабеліцкага раёна Гомеля адклікаў з адпачынкаў настаўнікаў для кладкі на прылеглай да школы тэрыторыі тратуарнай пліткі, а таксама прыцягнуў да гэтых работ школьнікаў.
Юрыст распавёў «Салідарнасці», што патрабаваць ад працаўнікоў выканання працы, не абумоўленай працоўнай дамовай, забаронена законам.
Што ж, намаганні чыноўнікаў зразумелыя: на носе 1 верасня, а страх перад начальніцкім гневам і раптоўнымі праверкамі так нікуды і не сышоў за дзесяцігоддзі гісторыі постсавецкай Беларусі. Зрэшты, выкарыстанне слова «постсавецкай» уяўляецца небясспрэчным. Чым далей, тым больш Беларусь вяртаецца ў часы, якія, як падавалася, скончыліся назаўжды.
Юрыст Асацыяцыі «Салідарнасць» Леанід Судаленка ўпэўнены, што «пліткавыя» працы не ўваходзяць у абавязкі педагогаў, а ўдзел непаўналетніх магчымы толькі добраахвотна і толькі паводле закона. Ён растлумачыў «Салiдарнасці», што ў гэтай сітуацыі было праігнаравана не адно патрабаванне працоўнага заканадаўства.
- Хачу звярнуць увагу на два юрыдычныя факты - прыцягненне да працы, якая не ўваходзіць у працоўныя абавязкі настаўнікаў (укладка тратуарнай пліткі, відавочна, не ўваходзіць у гэтыя абавязкі) і адкліканне работніка з працоўнага водпуску.
Працоўны кодэкс Беларусі забараняе патрабаваць ад работніка выканання працы, не абумоўленай працоўнай дамовай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі. Такія выпадкі звязаныя з часовым пераводам работніка на не абумоўленую працоўнай дамовай работу (паводле іншай прафесіі, спецыяльнасці, кваліфікацыі, пасады), або да іншага наймальніка, або часовы перавод у выпадку прастою. У выпадку з настаўнікамі гэтыя выключэнні не дастасавальныя.
Альбо такія работы магчымыя з пісьмовай згоды настаўніка і павінны адбывацца па працэдуры змянення ўмоў працы з устанаўленнем адпаведнай даплаты. Але я мяркую, што наўрад ці нехта задумваецца пра такую згоду: «загадана - выконвайце».
Калі наймальнік ігнаруе гэтыя патрабаванні працоўнага заканадаўства, то работнік можа звярнуцца ў органы, якія ажыццяўляюць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, або наўпрост у органы, якія разглядаюць індывідуальныя працоўныя спрэчкі.
Але, зноў жа, хто з настаўнікаў стане гэта рабіць, не баючыся страціць працу?
Адпачынак можа быць перапынены на прапанову наймальніка і толькі са згоды работніка. Аднак зноў жа і ў гэтым выпадку наўрад ці нехта будзе пытацца згоды работніка.
Яшчэ адзін аспект - прыцягненне да працы непаўналетніх школьнікаў падчас вакацый. Укладанне працоўнай дамовы магчымае з 14 гадоў і толькі са згоды аднаго з бацькоў (апекуна). А з 16 гадоў - ужо без згоды бацькоў, але з захаваннем асаблівых гарантый.