Украіна атрымала ад Еўразвяза новую рату фінансавай дапамогі
- 22.08.2025, 17:24
- 1,108
Больш за чатыры мільярды еўраў.
Украіна 22 жніўня атрымала ад Еўрапейскага Звязу новую рату фінансавай дапамогі паводле дзвюх праграм. Мільярд еўраў Кіеву падалі праз ERA Loans, яшчэ 3,05 мільярда - у рамках Ukraine Facility.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на паведамленне прэм'ер-міністра Украіны Юліі Свірыдэнкі.
З яе слоў, агулам Украіна атрымала ад партнёраў 4,05 мільярда еўращ, з якіх:
адзін мільярд еўраў у рамках ERA Loans, фінансаванне з даходаў ад замарожаных актываў Расеі;
3,05 мільярда еўраў у рамках Ukraine Facility для аднаўлення і інтэграцыі.
«Гэтая падтрымка ўмацоўвае як дзяржаўны бюджэт, так і працэс аднаўлення. Дзякуй еўрапейскім партнёрам. Разам мы ўпэўнена рухаемся да будучыні Украіны ў моцнай і аб'яднанай Еўропе», - дадала Свірыдэнка.