Зяленскі аб сустрэчы з Пуціным: Давайце казаць пра дату і месца
12- 22.08.2025, 16:55
- 6,202
Украіна гатовая да перамоў.
Украіна не хоча выстаўляць дадатковых умоваў для пачатку дыялогу з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным і чакае ўзгаднення канкрэтнай даты і месца сустрэчы.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на супольнай прэс-канферэнцыі з генсакам НАТА Маркам Рутэ, паведамляе «РБК-Украіна».
Ён адзначыў, што размаўляў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам аб неабходнасці трохбаковай сустрэчы.
«Потым ён меў сувязь з расейскім бокам. Ён сказаў, давайце спачатку зробім двухбаковы трэк, і гэтую прапанову расейцаў, а потым трохбаковы», - распавёў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны дадаў, што гатовы да сустрэчы з Пуціным.
«Я не хачу, каб мы ставілі якія-небудзь умовы, якія потым нехта будзе выкарыстоўваць як перашкоды да заканчэння вайны. Таму я сказаў, мы гатовыя», - падкрэсліў ён.
Зяленскі дадаў, што Украіна гатовая падтрымаць двухбаковую, а затым і трохбаковую сустрэчы.
«Калі прэзідэнт Трамп кажа, што менавіта ў такім фармаце мы можам далей казаць, мы гатовы падтрымаць двухбаковы трэк, а затым трохбаковы. Давайце казаць аб даце і казаць аб месцы. Гэта ўсё, што ёсць на гэты момант у мяне», - заявіў ён.