Рутэ: Партнёры дамаўляюцца аб двух узроўнях гарантый бяспекі для Украіны
1- 22.08.2025, 15:57
- 1,726
ЗША і Еўропа працуюць над сістэмай, якая павінна выключыць паўторны напад Расеі.
Гарантыі бяспекі для Украіны, пра якія дамаўляюцца еўрапейскія краіны і ЗША, будуць складацца з двух узроўняў.
Пра гэта заявіў генеральны сакратар NATO Марк Рутэ на супольнай прэс-канферэнцыі з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве 22 жніўня, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Рутэ адзначыў важнасць таго, што Украіна, Злучаныя Штаты і Еўропа працуюць супольна над тым, як павінны выглядаць будучыя гарантыі бяспекі. Паводле ягоных слоў, цяпер ёсць дамоўленасць, што будзе два ўзроўні гарантый.
«На першым узроўні будзе, уласна, усталяванне нейкага мірнага пагаднення або спынення агню, або спалучэнне таго і іншага. Таму першы ўзровень будзе для таго, каб узброеныя сілы Украіны былі максімальна ўзмоцненымі, каб яны маглі вытрымаць усе цяжкасці», – сказаў генеральны сакратар NATO.
Другі ўзровень - гэта тое, што, з ягоных слоў, «дадуць Злучаныя Штаты і Еўропа».
«Над гэтым мы, уласна, працуем. І, як мы ўсе ведаем, Будапешцкі мемарандум і менскія перамовы таксама не прывялі да сапраўдных гарантый. І новыя нашы гарантыі не павінны быць такімі», - сказаў ён.
Рутэ падкрэсліў, што будучыя гарантыі павінны быць такога ўзроўню, каб «Уладзімір Пуцін, седзячы ў Маскве, ніколі нават не падумаў нападаць на Украіну зноў».
Як паведамлялася, Румынія гатовая даць NATO вайсковыя базы ў рамках гарантый бяспекі для Украіны.