На рэканструкцыі Чырвонага касцёла будаўнікі збіраліся выкінуць абразы і кнігі
9- 22.08.2025, 12:52
- 5,196
Яны засталіся там пасля таго, як лукашысты забралі святыню ў вернікаў.
У менскім Чырвоным касцёле (Святога Сымона і святой Алены) працягваецца рэканструкцыя, піша katolik.life.
Вернікі даведаліся, што будаўнікі на загад уладальніка касцёла, дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», збіраліся выкінуць адтуль абразы, кнігі, іншыя рэлігійныя прадметы, якія «не забралі адказныя асобы».
Здымкі з пакінутымі рэчамі апублікавалі ў сацсетках — тады пра гэта даведаліся вернікі. Яны данеслі інфармацыю пра гэта да духавенства, але хуткай рэакцыі не было.
Таму вернікі самі пастараліся выратаваць абразы, партрэт ахвярадаўцы касцёла Эдварда Вайніловіча, кнігі (у тым ліку Бібліі, лекцыянарыі, малітоўнікі), рэпрадукцыю Ісуса Міласэрнага. Некаторыя рэчы ўжо знаходзіліся на сметніку.

Як адзначае katolik.life, сярод рабочых у Чырвоным касцёле - мусульмане з Таджыкістана. Іх здзівіла такое стаўленне да рэлігіі.
«Яны былі яшчэ больш занепакоеныя сітуацыяй: які прыклад паказваюць хрысціяне прадстаўнікам іншай канфесіі ў дачыненні да сваіх святыняў?",- піша партал.
Паведамлялася, што працы ў храме вядзе выканаўца «Мінскпрамбуд», які наняў замежных працаўнікоў. Рэканструкцыю павінны закончыць у студзені 2027 года.