15 снежня 2025, панядзелак, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Найлепшы спосаб абараніць Украіну - прыняць яе ў NATO»

1
«Найлепшы спосаб абараніць Украіну - прыняць яе ў NATO»

Амерыканскі экспэрт расказаў аб шматузроўневай сістэме абароны і гарантыях бяспекі для Кіева.

Якія гарантыі бяспекі для Украіны ў цяперашніх абставінах прапануюць ЗША, што гэта можа азначаць на практыцы?

Экспэрт у бяспецы аўтарытэтнага аналітычнага цэнтра Hudson Institute, былы дарадца Мінабароны Вялікабрытаніі Люк Кофі адказаў сайту Charter97.org на гэтае пытанне ў сваім эксклюзіўным інтэрв'ю:

- У Вашынгтоне многія апісваюць так званыя гарантыі бяспекі, падобныя да 5 артыкула Статута NATO. Шчыра кажучы, я думаю, што гэтыя людзі напраўду не разумеюць, як працуе 5 артыкул. Не думаю, што мы атрымаем гарантыі бяспекі паводле 5 артыкула ад Злучаных Штатаў. Магчыма, ад іншых еўрапейскіх краін, але для таго, каб Злучаныя Штаты прапанавалі надзейную гарантыю бяспекі, падобную да 5 артыкула NATO, яна павінна быць аформленая ў выглядзе дамовы, а кожная дамова, згодна з Канстытуцыяй ЗША, павінна быць ратыфікаваная дзвюма трацінамі галасоў у Сэнаце. Таму я проста не ўяўляю, як прэзідэнт Трамп мог бы перадаць дамову ў Сэнат ЗША і атрымаць дастатковую большасць для яго прыняцця.

Акрамя таго, я не думаю, што для Злучаных Штатаў было б правільным даваць аднабаковыя гарантыі бяспекі Украіне. Я кажу гэта як адзін з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны ў Вашынгтоне, але ў эпоху падзелу цяжару ўнутры NATO, чаму б нам проста не прыняць Украіну ў NATO, і тады мы ўсе зможам падзяліць цяжар бяспекі? Я думаю, што гэта самы прамы спосаб гарантаваць бяспеку Украіны - зрабіць яе чальцом NATO. Але гэта таксама малаімаверна, бо прэзідэнт Трамп у апошнія дні і тыдні неаднаразова заяўляў, што Украіна не ўступіць у NATO, прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве. Таму я прапаную шматузроўневы падыход да бяспекі.

Першым узроўнем будзе грамадзянская, бяззбройная назіральная місія, якая выкарыстоўвае тэхналогіі і беспілотныя сістэмы для патрулявання па абодва бакі ад лініі акупацыі. Хто сфармуе гэтую місію? Я не ўпэўнены. У мяне ёсць некалькі ідэй, пра якія я пісаў, напрыклад, арганізацыя цюркскіх дзяржаў або, можа быць, Рада супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскай затокі — краіны, у дачыненні да якіх абедзве стораны адчуваюць сябе гатовымі да супрацоўніцтва, і ніводзін з бакоў не паставіў на карту занадта шмат.

Другім узроўнем будуць еўрапейскія войскі на зямлі. Гэта будзе азначаць размяшчэнне войскаў брытанцамі, французамі, немцамі і туркамі на тэрыторыі Украіны. Яны не абавязкова павінны быць размешчаныя блізка да лініі размежавання, але будуць размешчаныя на магчымых шляхах падыходу, на маршрутах, якія Расея можа выкарыстоўваць у выпадку паўторнага ўварвання. Гэта таксама будзе ўключаць патруляванне паветранай прасторы і акваторыі Чорнага мора.

Трэці ўзровень - гэта тое, што я называю «загарызонтнай роляй» Амерыкі. Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець, што ніякіх амерыканскіх вайскоўцаў на зямлі не будзе, але мы маглі б адыгрываць дапаможную ролю, забяспечваючы дазапраўку ў паветры, лагістычную падтрымку пры перакідцы войскаў ва Украіну і назад, даючы выведвальныя звесткі. Мы таксама маглі б, я думаю, удзельнічаць у патруляванні паветранай прасторы і Чорнага мора. І, магчыма, што яшчэ важней, нам неабходна ўмацоўваць стасункі паміж ЗША і Украінай у сферы абароннай прамысловасці і працягваць забяспечваць Украіну неабходным узбраеннем і падрыхтоўкай кадраў для яе Узброеных Сіл. У выніку, менавіта ўкраінскія ўзброеныя сілы будуць забяспечваць гарантыю бяспекі Украіны.

Чацвёрты ўзровень - гэта еўраатлантычны кампанент. Хоць сяброўства ў NATO цяпер немагчымае, а перамовы аб уступленні ў ЕЗ будуць ісці павольна, еўраатлантычнай супольнасці неабходна распачаць крокі для таго, каб украінскі сцяг лунаў побач са сцягамі NATO і ЕЗ. Гэта магло б азначаць стварэнне сертыфікаванага NATO цэнтра перадавога досведу ў сучаснай вайне. Ён мог бы базавацца ва Украіне, дзе NATO зможа атрымаць урокі з баявых дзеянняў ва Украіне, якія доўжацца гадамі. NATO магло б запрасіць Украіну ўзяць удзел і накіраваць свае войскі ў складзе сіл рэагавання NATO. Такое ўжо здаралася раней. Няма прычын, з якіх гэта не можа адбыцца зноў. Магчыма, ЕЗ мог бы стварыць вучэбную місію ў рамках Агульнай палітыкі бяспекі і абароны Заходняй Украіны, каб падтрымаць еўраатлантычны шлях інтэграцыі.

Пятым узроўнем шматузроўневай сістэмы бяспекі стане ўсходні фланг NATO. Гэта не закранае Украіну наўпрост, але гэта з'яўляецца часткай больш шырокай стратэгіі стрымлівання Расеі ад будучай агрэсіі супраць краін Балтыі ці Чорнага мора. Гэта азначае захаванне перадавых сіл NATO (уключаючы войскі ЗША) на цяперашнім узроўні. Гісторыя вучыць нас, што Расея вернецца. Гэта можа адбыцца праз тры гады, можа быць, праз пяць гадоў, можа быць, праз дзесяць гадоў, але Расея вернецца, і мы павінны быць гатовыя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках