TIME: Толькі Трамп можа развязаць пытанне з КНДР
4- 22.08.2025, 11:54
- 2,250
Падчас свайго першага тэрміну ён ужо спрабаваў укласці ўгоду з Пхеньянам.
Нядаўняя прамова прэзідэнта Паўднёвай Карэі Лі Чжэ Мена на Дзень незалежнасці была прысвечаная ў асноўным Паўночнай Карэі. Ён паабяцаў аднавіць пагадненне аб зніжэнні вайсковай напружанасці 2018 года і адзначыў крокі дээскалацыі - спыненне запуску прапагандысцкіх шароў і аўдыё трансляцый на мяжы, піша часопіс TIME (пераклад — сайт Charter97.org).
Аднак адказ Пхеньяна быў жорсткім. Лідар КНДР Кім Чэн Ын заявіў аб нарошчванні ядзернага патэнцыялу, а яго сястра Кім Е Чжон зноў адпрэчыла ініцыятывы Сеула, асудзіўшы супольныя вучэнні Паўднёвай Карэі і ЗША.
Паўночная Карэя не бачыць выгады ў пацяпленні стасункаў. Раней Сеул быў для яе крыніцай мільярдаў даляраў, але жорсткія санкцыі ААН з 2017 года зрабілі маштабнае эканамічнае супрацоўніцтва немагчымым. Цяпер, калі рэжым атрымлівае дапамогу ад Кітая і даходы ад продажу зброі, гуманітарная падтрымка Паўднёвай Карэі не цікавіць Пхеньян.
Што сапраўды трэба КНДР - грошы і рэсурсы без умоў. Аднак Сеул не можа адкрыта парушаць санкцыі. Таму ключ да прарыву ляжыць у Вашынгтоне: толькі ЗША здольныя дамагчыся іх паслаблення. І, як адзначаюць экспэрты, у рэальнасці на такі крок наважыцца толькі Дональд Трамп.
Падчас свайго першага тэрміну ён ужо спрабаваў укласці ўгоду з Пхеньянам на саміце ў Ханоі ў 2019 годзе, але перамовы сарваліся. Аднак Трамп нядаўна заявіў пра гатоўнасць «развязаць канфлікт».
Поспех магчымы толькі ў фармаце пагаднення аб кантролі ядзерных узбраенняў, якое дазволіла б КНДР знізіць залежнасць ад Кітая і Расеі. Аднак імавернасць такога зыходу застаецца вельмі нізкай: прагрэс у міжкарэйскіх дачыненнях немагчымы без прамога дыялогу ЗША і Паўночнай Карэі.