ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць «ценявога флоту» Ірана
1- 22.08.2025, 10:20
- 1,530
Прычына - незаконнае транспартаванне нафты ў Кітай.
Управа кантролю замежных актываў (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША заявіла аб новых санкцыях супраць міжнароднай сеткі кампаній і суднаў «ценявога флоту» Ірана. Прычына - незаконнае транспартаванне нафты ў Кітай.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на Міністэрства фінансаў ЗША.
Санкцыі ўвялі супраць грамадзяніна Грэцыі Антоніяса Маргарыціса, сеткі кампаній і судны якога ўваходзяць у так званы «ценявы флот» Ірана. Са звестак ведамства, Маргарыціс выкарыстаў свой шматгадовы досвед працы ў суднаходнай галіне для незаконнага спрыяння транспартавання і продажу іранскай нафты.
Як паведаміў кіраўнік амерыканскага Мінфіна Скот Бесэнт, санкцыі аслабяць здольнасць Ірана фінансаваць распрацоўкі перадавых узбраенняў і «падтрымліваць тэрарыстычныя групоўкі», якія пагражаюць бяспецы войскаў ЗША і супольнікаў.
OFAC высветліла, што Маргарыціс кантралюе шэраг кампаній, Marant Shipping and Trading SA, Square Tanker Management Ltd., Comford management SA і United Chartering SA, зарэгістраваных у Грэцыі і на Маршалавых выспах. Гэтыя кампаніі займаліся перамяшчэннем іранскіх грузаў нават пасля таго, як частка судоў трапіла пад санкцыі. Таксама пад абмежаванні трапіла кампанія Cristobal Marine Corp., звязаная з яго сеткай.
Акрамя таго, пад санкцыі трапілі Ozarka Shipping - FZCO (ААЭ), якая эксплуатавала судна VICTORY ARI, SONDOS (пад сцягам Антыгуа і Барбуды) і KATSUYA (сцяг Гамбіі). Яшчэ пад абмежаваннямі апынулася Changbai Glory Shipping Limited (Маршалавы выспы), якая валодае суднам LAFIT (сцяг Ліберыі).
Варта згадаць і ганкожнскія кампаніі U Beacon Shipping Co., Limited і Hong Kong Hangshun Shipping Limited, якія з'яўляюцца ўладальнікамі судоў ADELINE G і KONGM (сцяг Панамы), а таксама Ares Shipping Limited, якая валодае суднам ARES. Яны таксама ў санкцыйным спісе.
У адпаведнасці з заканадаўствам ЗША, уся маёмасць і дзелі ва ўласнасці падсанкцыйных асоб, якія знаходзяцца ў Штатах або пад кантролем амерыканскіх грамадзян, падлягаюць блакаванню. Забароненыя таксама ўсе транзакцыі з іх удзелам, калі іншае не дазволена OFAC.