«Кроп сёлета - залатая валюта»
5- 22.08.2025, 9:37
- 4,856
Беларусы расказалі, як нетыповае надвор'е паўплывала на іх ураджай.
Лета ў Беларусі сёлета выдалася прахалодным. А месцамі і вельмі дажджлівым. "Салідарнасць" спытала ў беларусаў, якія працавалі на агародзе, ці паўплывала надвор'е на іх ураджай. Усе імёны суразмоўцаў змененыя.
Лізавета, Салігорскі раён
- У нас цяпер агарод меншы, чым раней. Бацькі старэюць, таму даглядаць ўсё цяжэй. Вырошчваем толькі для сябе, нічога не прадаём. На агародзе ў нас бульбачка, агуркі, памідоры, перац, гарох, клубніцы, маліны, кавуны, капуста, морква, кроп, пятрушка, мята, фасоль спаржавая, салата, кабачкі і часнок. З садавіны - яблыкі, з ягад — агрэст.
Праз высокую вільготнасць у нас у гэтым годзе вельмі дрэнны ўраджай. Выраслі толькі агуркі (іх закансервавалі, засалілі і пакінулі трохі проста паесці), цыбуля і гарох. Усё астатняе «палегла». Памідораў няма наогул. І ў большасці суседзяў такая ж сітуацыя -па-іншаму толькі ў тых, хто вырошчваў у цяпліцы. Мы свае апрацоўвалі, але гэта ніяк не дапамагло.

Кроп у нас таксама не завязаўся. Мама кажа, што ў гэтым годзе гэта залатая валюта. Каб закатаць агуркі, бралі сцяблінкі ў сваякоў.
Бульба таксама ўся ў вадзе стаіць. Праўда, летась яе таксама было не шмат - пасадзілі больш, чым выкапалі. Вельмі шкада, бо ў краме яе то няма, то гнілая і зялёная.
Вядома, крыўдна, калі так. Марнуеш вельмі шмат намаганняў і грошай на ўгнаенні, саджанцы. А потым як у рулетцы: вырасце - не вырасце. Я ўжо думаю, што прасцей купіць, але мама кажа: затое сваё, без хіміі. Праўда, кожнае лета яна стамляецца і думае, што ў наступным годзе не будзе столькі саджаць, але як сезон надыходзіць — саджае роўна столькі ж.
Віталіна, Гародня
- У нас на лецішчы расце дзве градкі агуркоў, па градцы памідораў, цыбулі, перцаў, морквы, трускалкі, кабачкоў і, вядома, бульбы. Вырошчваем без празмернасцяў - паесці свежага ў сезон, зрабіць кансервы на зіму і назапасіцца бульбай да вясны.
Ураджай сёлета сярэдні. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў, у нас агароды не плавалі — Гародню не моцна залівала і не моцна сушыла. Думаю, ураджай залежаў больш ад якасці насення. Бабуля пасадзіла шэсць сартоў. З двух градак выйшла блізу 35 слоікаў агуркоў на кансэрвы — ад аднаго да трох літраў. І яшчэ засталося паесці.
Бацькі вырошчваюць толькі, каб паесці, кансэрвы не робім. Агурочкі выраслі, нам стае. Не выраслі толькі перцы - суседзі сказалі, што гэта таму, што мы іх пасадзілі ў цень. Напэўна, так і ёсць, таму што ў бабулі перцы выраслі.
Людміла, Пінск
- У нас прыватны дом, свой агарод. Зямлю даўно не падкормліваю, але ў гэтым годзе, нягледзячы на прахалоднае і дажджлівае лета, сабрала нармальны ўраджай, на сябе хопіць.
Стае агуркоў (паставіла некалькі слоікаў, астатняе проста ямо цяпер), бульбы. Памідораў няшмат, і няма буйных. Стае морквы, кабачкоў, гарбузоў, буракоў. Праўда, буракі таксама невялікая, а мне і падабаецца, каб сярэдняга памеру былі.
Вельмі шмат зяленіва. Цыбулі столькі, колькі ніколі не было. Сабрала тры вядры.
Для тых, у каго няма агарода, дзякуй Богу, на рынку ў нас сціжма ўсяго. Цэны на гародніну - больш-менш.
Соня, Маладзечанскі раён
- Жартуем, што галодны год. Перац і памідоры цалкам замерзлі, нічога не вырасла. Праўда, саджалі ў адкрыты грунт. Агурочкі - ну, сяк-так, і то мала. Паесці яшчэ будзе, а пра кансервы можна і не думаць. Добра, што засталіся леташнія запасы. Купляць на рынку для кансервацыі не будзем, толькі так, свежых паесці.
Бульба вырасла, але горшая, чым летась - мала і дробная. Ягады таксама вадзяныя і кіслыя, увогуле — зусім неўраджай.
Віктар, Баранавіцкі раён
- У гэтым годзе ў нас небывалы ўраджай агуркоў. Нават стаміліся збіраць. Для кансервацыі купляў воцат скрынямі. Слоікамі з агуркамі ўжо застаўлены склеп і ўсе магчымыя паліцы ў доме. А яшчэ добры ўраджай кабачкоў. Так што ў склепе стаіць і аджыка, і лечо... бульбу нядрэнна сабралі. Так што, у выпадку чаго, на бульбе і кансервах перазімуем.
Зараз раздаём агуркі і кабачкі ўсім знаёмым, якія гатовыя браць.
Ірына, Менск
- У нас зусім маленькі гародзік - саджаем толькі для сябе. Але ў гэтым годзе нічога няма. Палова бульбы чорная, таму што яе паела фітафтора. Трэба было апырскваць, але хто ж ведаў, што такое надвор'е будзе. Агуркі саджала чатыры разы, нічога не вырасла. Памідораў трохі ёсць, але ў асноўным іх таксама паела фітафтора.
Вось чаго было шмат у гэтым годзе, дык гэта вішні. Усе дрэвы былі абсыпаныя.
У сваякоў у вёсцы (Менская вобласць) ураджаю таксама амаль няма. Але хвалююцца там не надта. Нешта вырасла ў адных, нешта ў іншых - можна дзяліцца.
Пры гэтым суразмоўніца заўважыла, што ягады і гародніна сёлета даражэйшыя, чым звычайна:
- На трасе бабулі прадаюць агрэст па сем рублёў - мяркую, што для такой ягады гэта дорага. Цыбуля па два рублі, качыныя яйкі па 10 рублёў, курыныя — па пяць. Вось курыных я нядаўна купіла ў вёсцы пяць дзясяткаў. Кажу прадавачцы: «давайце ўсе». Яна так ўзрадавалася.

Агуркі прыйдзецца купляць на Камароўцы. Унучка вельмі любіць кансэрваваныя, кажа: «Калі ў цябе не выраслі, давай я куплю, толькі закансервуй». Паедзем закупляцца - што ж зрабіць.