Псіхолагі расказалі, як лепш суцешыць сябра
1- 21.08.2025, 17:07
- 4,668
Не ўсе словы дапамагаюць.
Падтрымаць сябра, які пераймаецца праз разрыў стасункаў, бывае складана. Экспэрты папярэджваюць, што фразы накшталт «час лечыць» або «найлепшы спосаб забыцца аднаго – сустрэць іншага», могуць гучаць як «таксічны пазітыў» і толькі ўзмоцняць боль. Таксама не варта абясцэньваць стасункі словамі «добра, што вы не былі жанатыя» або пытацца, чаму чалавек «дагэтуль не адышоў», піша часопіс TIME (пераклад - сайт Charter97.org).
Псіхолагі раяць пачынаць размову нейтральна: «гэта важная навіна» або «як ты сябе адчуваеш?», не робячы здагадак. Карысна нагадаць, што эмоцыі могуць мяняцца: «нармальна адчуваць рознае – сёння дрэнна, заўтра крыху лепш».
Калі сябар сам надумаў разарваць стасункі, можна павіншаваць: «зараз у цябе ёсць прастора для новага». Таксама важныя словы падтрымкі: «ты зрабіў усё, што мог» або «зараз у цябе ёсць яснасць». Для тых, хто выйшаў з таксічных стасункаў, важна падкрэсліць бяспеку і прапанаваць дапамогу.
Акрамя слоў, прапануйце супольныя актыўнасці: шпацыр, кіно, улюбёны занятак. Галоўнае - даць зразумець, што чалавек не адзін.