The Economist: Бітва за Шпіцбэрген
2- 21.08.2025, 16:13
- 7,246
Заходнія выведкі расказалі пра новы пункт напружання.
Увага Масквы зрушылася на Арктыку, дзе размешчаныя расейскія пасёлкі на Шпіцбэргене, які ўваходзіць у склад Нарвэгіі, піша The Economist (пераклад - сайт Charter97.org).
Заходнія выведкі асцерагаюцца, што гэты рэгіён можа стаць пунктам напружанасці. У чэрвені кіраўнік нарвэжскай выведкі адмірал Нільс Андрэас Стэнсанэс заявіў, што Расея ўсё больш увагі звяртае на Арктыку, паколькі Балтыйскае мора стала «варожымі водамі».
Барэнцбург і найбліжэйшы Пірамідэн, дзе раней здабывалі вугаль, цяпер перажываюць дэмаграфічны спад. Насельніцтва Барэнцбурга скарацілася з амаль 2 000 чалавек да каля 340. Многія ліберальна настроеныя расейцы пакінулі пасёлкі, перабраўшыся ў больш камфортны Лонгйірбюен або за мяжу. Тыя, што засталіся сутыкаюцца з абмежаваннямі, нават кароткая паездка ў Барэнцбург для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах суправаджалася праверкамі і наглядам з боку мясцовых уладаў.
З нарвэжскага боку губернатар Шпіцбэргена Ларс Фаус паведамляе, што напружанасці няма, аднак афіцыйна турыстаў з Нарвэгіі і іншых краін не заахвочваюць да наведвання расейскіх пасёлкаў. Аматары турызму ўсё ж прыязджаюць, каб паглядзець на дзікіх жывёл і савецкую архітэктуру.
Раней узаемадзеянне паміж насельніцтвам Лонгйірбюена і Барэнцбурга было больш прыязным. Зараз расейскія парады сталі больш ваяўнічымі, з выкарыстаннем савецкай сімволікі і праваслаўных атрыбутаў. Навуковае супрацоўніцтва таксама перапыненае, расейскія навукоўцы цяпер працуюць толькі з калегамі з Расеі, што ўскладняе супольныя даследаванні марскіх экасістэм.
Нарвэжскія ўлады не плануюць дазваляць будаўніцтва прапанаванага Расеяй навуковага цэнтра для краін глабальнага Поўдня. Тым не менш Барэнцбург захоўвае стратэгічнае значэнне для Масквы, вугаль не апраўдвае здабычу, але пасёлак дае Расеі падставу заставацца на архіпелагу і ўмацоўваць пазіцыі ў Арктыцы.
Расейскія пасёлкі на Шпіцбэргене ператвараюцца ў ізаляваныя, палітычна і стратэгічна значныя анклавы.