Politico: Як сарваць план Пуціна
2- 21.08.2025, 15:43
- 5,082
Украіна зможа перайсці да ўстойлівых наступальных аперацый.
Па сканчэнні больш як трох гадоў поўнамаштабнага ўварвання Расеі, вайна ва Украіне перайшла ў вымотвальную фазу: ні перамогі, ні паразы для старон не відаць. Крэмль, тым часам, перагледзеў свае мэты і цяпер разлічвае на доўгую гульню-знясіленне Украіны і заходніх хаўруснікаў, запэўніваючы сябе, што Расея не саступіць, нават калі не зможа перамагчы хутка, піша Politico (пераклад — сайт Charter97.org).
Украіна захоўвае дзяржаўнасць, войска і нацыянальную ідэнтычнасць, нягледзячы на цяжкія страты. Расея кантралюе амаль 19% тэрыторыі, уключаючы Данбас і наземны калідор да Крыму, прасоўваючыся павольна і плацячы высокую цану. Страты Расеі вылічаюцца сотнямі тысяч жыццяў, а эканамічны ціск на грамадзян расце. Рост інфляцыі, санкцыі і цяжкасці з мабілізацыяй ствараюць абмежаванні для Масквы.
Стратэгія Крамля заснаваная на чаканні, што Украіна не зможа вытрымаць доўгую вайну, а Захад не павялічыць вайсковую дапамогу. Мэта Пуціна - не перамога, а знясіленне супраціўніка.
Для таго каб зламаць гэтую логіку, Украіне патрэбна падтрымка захаду на працяглы тэрмін і ў вялікіх маштабах. Гэта ўключае не толькі пастаўкі самалётаў, але і баявых машын пяхоты, танкаў, боепрыпасаў калібру 155 мм, дронаў, інжынернага абсталявання і узмоцненую лагістыку для дзеянняў на некалькіх франтах.
Калі NATO і ЗША змогуць забяспечыць такую падтрымку на 12-18 месяцаў і даўжэй, Украіна зможа перайсці ад абмежаваных поспехаў да ўстойлівых наступальных аперацый і паставіць Маскву перад неабходнасцю перагляду сваіх стратэгічных разлікаў.
Такім чынам, да чарговай гадавіны незалежнасці Украіны 24 жніўня Захад павінен праявіць стратэгічную дальнабачнасць — дапамагчы Украіне стаць дастаткова моцнай, каб сама вызначаць умовы заканчэння вайны. Як паказаў нядаўні саміт у Вашынгтоне, адзіная Еўропа гатовая падтрымаць краіну на прымальных для яе ўмовах. Але для гэтага патрэбныя не абяцанні, а паслядоўная і маштабная дапамога ўжо сёння.