Латвія мяняе правілы ўезду для беларусаў
2- 21.08.2025, 15:19
- 9,716
З 1 верасня трэба будзе запоўніць спецыяльную анкету.
З 1 верасня ў Латвіі змяняецца парадак уезду ў краіну для грамадзян, якія паходзяць з трэціх краін, уключаючы Беларусь.
Паводле новых правіл, каб перасекчы мяжу, іншаземец павінен загадзя запоўніць анкету на сайце eta.gov.lv і атрымаць адказ-дазвол ці адмову. Такая норма замацаваная папраўкамі да закона аб іміграцыі, якія Сэйм прыняў яшчэ ў красавіку, паведамляе press.lv.
Анкету трэба падаваць не пазней чым за 48 гадзін да паездкі. У ёй неабходна ўказаць наступныя звесткі:
мэта паездкі (уезду); планаваныя тэрмін і месца знаходжання;
маршрут паездкі;
кантактная інфармацыя;
выбарныя пасады, якія займае сам чалавек ці яго сваякі;
удзел у выбарах у якасці кандыдата;
былы або дзейны статус дзяржаўнай або муніцыпальнай службовай асобы;
служба ва Узброеных сілах, спецслужбах і памежнай службе, мытні або ў органах унутраных спраў, юстыцыі або замежных спраў (у тым ліку дыпламатычнай службе).
Калі інфармацыя пададзеная няпоўна або з'яўляецца фальшывай, асобе будзе пагражаць адміністрацыйная адказнасць.
Пасля адпраўкі анкеты заяўніку на пазначаную электронную пошту прыйдзе адказ-пацвярджэнне або адмова ва ўездзе. Падаваць інфармацыю можна і раней, чым за два дні, але, калі планы мяняюцца, звесткі трэба абнаўляць. Пры перасячэнні краіны транзітам досыць паказаць толькі даступныя кантакты.
Новыя патрабаванні тычацца ўсіх грамадзян трэціх краін, якія не маюць дазволу на жыхарства або візы Латвіі і не з'яўляюцца грамадзянамі ЕЗ, краін NATO, адной з 38 краін Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Еўрапейскай эканамічнай зоны (АЭЗ), Швайцарыі ці Бразіліі. Гэта азначае, што пад дзеянне закона трапляюць, беларусы і ўкраінцы, а вось, напрыклад, аўстралійцаў або ізраільцян змены не тычацца.