«Няўжо ў тамбур сваё аўто ставіць?»
1- 21.08.2025, 11:35
- 2,562
У Бараўлянах на некалькі месяцаў знікне паркоўка — без згоды жыхароў.
Вось ужо некалькі месяцаў жыхары Бараўлянаў назіраюць за працамі ўздоўж дарогі Р40. Менавіта праз гэты рэгіён пракладваюць водаправодную сістэму для Менска. Неўзабаве працы пачнуцца ўжо ў аграгарадку Лясны — жыхары вуліцы Троіцкай не вельмі радыя бачыць каля сваіх дамоў будаўнічую тэхніку, тым больш што ім давядзецца на некалькі месяцаў застацца без паркоўкі, піша «Прысталічча».
Работы будуць праводзіцца адкрытым спосабам, гэта значыць з перакопкай зямлі і часовым абмежаваннем паркоўкі, і пачнуцца ўжо праз пару тыдняў, закончыць іх плануецца прыкладна за чатыры месяцы.
На сустрэчы 19 жніўня старшыня сельвыканкама і прадстаўнікі УКС Менскага гарвыканкама растлумачылі, што працы непазбежныя, а дазвол жыхароў для гэтага не патрабуецца. Пытанні жыхароў тычылі захавання паркоўкі, стану тэрыторыі пасля будаўніцтва і магчымасці выбару альтэрнатыўнага маршруту водаправода.
— Хоць у тамбур сваё аўто стаў? Бязглуздзіца нейкая… Ды і чаму ўвогуле надумлі весці праз наш рэгіён? Можна было б разгледзець іншыя варыянты, дзе не перашкаджае людзям. Тым больш ваду вядуць для каго? Для ЖК «Паўночны бераг», наколькі нам вядома, значыць, грошы б знайшлі, — выказалі меркаванне жыхары Бараўлянаў.
Прадстаўнікі УКС патлумачылі, што іншыя варыянты прывялі б да адключэння вады для тысяч людзей, таму абранае развязанне з’яўляецца аптымальным і ўжо ўзгоднена з праектным інстытутам і Дзяржбуднаглядам.
Пасля заканчэння работ парковачныя месцы вернуць, аднак класці асфальт зімой немагчыма — яго зробяць пазней. Дрэвы, насаджэнні жыхароў уздоўж дарогі, часткова высекуць, але маладыя саджанцы перавязуць з каранёвай сістэмай для перасадкі на меркаванне жыхароў. Ідэю ўстаноўкі шумазасцерагальнага экрана адхілілі, растлумачыўшы, што ў населеных пунктах гэта эканамічна і тэхнічна немэтазгодна.