Расея ўдарыла па амерыканскім заводзе вытворчасці электронікі
12- 21.08.2025, 10:50
- 11,612
Высокатэхналагічная вытворчасць знаходзіцца ў Мукачаве.
Адна з цэляў расейскай начной атакі па Украіне — амерыканскі завод вытворчасці электронікі. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга.
«Сотні беспілотнікаў, гіпергукавых, балістычных і крылатых ракет былі накіраваныя на цывільную і энэргетычную інфраструктуру.
Адна з ракет трапіла ў буйны амерыканскі завод вытворчасці электронікі ў нашым заходнім рэгіёне, што прывяло да сур’ёзных пашкоджанняў і ахвяр. Гэта цалкам цывільны аб’ект, які не мае ніякага дачынення да абароны ці войска», — заявіў Сібіга.

Міністр адзначыў, што гэта не першая расейская атака на амерыканскія прадпрыемствы, нагадаўшы пра ўдар па офісах Boeing у Кіеве ў пачатку гэтага года.
Ён назваў гэта тэрорам у дачыненні да мірных людзей, прадпрыемстваў і нармальнага жыцця ў нашай краіне.
Украінскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што пад удар трапіў завод Flex у горадзе Мукачаве.

Кіраўнік Закарпацкай абласной ваеннай адміністрацыі Міраслаў Білецкі паведаміў, што праз расейскі ўдар пацярпелі як мінімум 15 чалавек, агонь ахапіў плошчу блізу сямі тысяч квадратных метраў.
«У сувязі з маштабным пажарам, які ўзнік пасля ракетнага ўдару па прадпрыемстве ў Мукачаве, у паветры назіраецца значнае задымленне. Прадукты гарэння могуць быць шкоднымі для здароўя.
Прашу ўсіх жыхароў у ктрунку распаўсюджвання дыму закрыць вокны і дзверы, а таксама ўстрымацца ад выхаду на двор без патрэбы. Асаблівую ўвагу варта надаць дзецям, паджылым і тым, хто мае хранічныя хваробы дыхальных шляхоў.


Выратавальныя службы працуюць на месцы, сітуацыя пад кантролем», — напісаў Білецкі.
Flextronics з’яўляецца адным з найбуйнейшых кантрактных вытворцаў электронікі ў свеце і аб’ядноўвае больш за 100 заводаў у розных краінах. Ва Украіне кампанія працуе з 2002 года, лакалізаваўшы высокатэхналагічнае вытворчасць у Мукачаве.
Нагадаем, у ноч на 21 жніўня Расея масавана атакавала захад Украіны ракетамі і дронамі.