5 снежня 2025, Пятніца, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Люк Кофі: NATO павінна вучыцца ва Украіны сучаснай вайне

6
Люк Кофі: NATO павінна вучыцца ва Украіны сучаснай вайне
Люк Кофі

Захаду варта рыхтавацца да новага нападу Расеі.

Галоўная тэма абмеркаванняў пасля сустрэчы Дональда Трампа, Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў — гарантыі бяспекі, якія могуць быць lflptysz Украіне. Як яны могуць выглядаць напраўду? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з экспэртам у бяспецы аўтарытэтнага аналітычнага цэнтра Hudson Institute, былым дарадцам Мінабароны Вялікабрытаніі Люкам Кофі.

- Што вам запомнілася з сустрэчы Трампа, Зяленскага і еўрапейскіх лідараў?

- З самага пачатку кідалася ў вочы некалькі момантаў. Той факт, што сустрэча такога высокага ўзроўню адбылася ў такія кароткія тэрміны, сапраўды дэманструе, наколькі не толькі прэзідэнт Трамп, але і яго еўрапейскія калегі адданыя дасягненню справядлівага міру ва Украіне. З боку было відавочна, што ўзаемадзеянне, камунікацыя, манера камунікацыі паміж прэзідэнтам ЗША і прэзідэнтам Украіны сталі значна лепшымі, чым у лютым. Джэй Дзі Вэнс не вымавіў ні слова. Нават журналіст, які раней лаяў прэзідэнта Зяленскага за ягоны гарнітур, змог пажартаваць з гэтага. Гэтым разам атмасфера была зусім іншай. Думаю, усе ўжо адышлі ад таго лютаўскага моманту. Акрамя таго, прэзідэнт Трамп разумее, што паставіў на карту сваё імя, сваю спадчыну дзеля дасягнення таго ці іншага мірнага пагаднення, таму цяпер ён ставіцца да гэтага больш сур'ёзна, паколькі адыгрывае больш непасрэдную ролю. Гэта тлумачыць пазітыўную атмасферу і перамены ў стасунках, якія мы назіралі па тэлевізары.

Я размаўляў з людзьмі, якія прысутнічалі ў Авальным кабінеце падчас той сустрэчы, і яны сказалі мне, што атмасфера ў зале была нават лепшая, чым мы бачылі на тэлевізіі, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, каб усе стораны прыйшлі да адзінага меркавання.

- Якія асноўныя высновы ад гэтай сустрэчы, на думку прысутных на ёй?

- Мы бачылі гэтую сустрэчу на тэлевізіі, і яна выглядала шыкоўна, але, як мне сказалі, у Авальным кабінеце, яна адчувалася яшчэ лепш, больш цёплай і гасціннай сярод прысутных там асабіста. З практычнага пункту гледжання, нягледзячы на значны прагрэс у пытаннях гарантый бяспекі і неабходнасці трохбаковай сустрэчы, наколькі я зразумеў, усё яшчэ засталіся некаторыя супярэчнасці ў пытанні тэрытарыяльнага кантролю. Аднак прэзідэнт Трамп пазней у той жа дзень даў ясна зразумець, што гэтае пытанне ў выніку павінен разглядаць украінскі народ.

- Разважаючы пра гарантыі бяспекі для Украіны ў цяперашніх абставінах, што гэта можа азначаць на практыцы?

- У Вашынгтоне многія апісваюць так званыя гарантыі бяспекі, падобныя да 5 артыкула Статута NATO. Шчыра кажучы, я думаю, што гэтыя людзі напраўду не разумеюць, як працуе 5 артыкул. Не думаю, што мы атрымаем гарантыі бяспекі паводле 5 артыкула ад Злучаных Штатаў. Магчыма, ад іншых еўрапейскіх краін, але для таго, каб Злучаныя Штаты прапанавалі надзейную гарантыю бяспекі, падобную да 5 артыкула NATO, яна павінна быць аформленая ў выглядзе дамовы, а кожная дамова, згодна з Канстытуцыяй ЗША, павінна быць ратыфікаваная дзвюма трацінамі галасоў у Сэнаце. Таму я проста не ўяўляю, як прэзідэнт Трамп мог бы перадаць дамову ў Сэнат ЗША і атрымаць дастатковую большасць для яго прыняцця.

Акрамя таго, я не думаю, што для Злучаных Штатаў было б правільным даваць аднабаковыя гарантыі бяспекі Украіне. Я кажу гэта як адзін з самых заўзятых прыхільнікаў Украіны ў Вашынгтоне, але ў эпоху падзелу цяжару ўнутры NATO, чаму б нам проста не прыняць Украіну ў NATO, і тады мы ўсе зможам падзяліць цяжар бяспекі? Я думаю, што гэта самы прамы спосаб гарантаваць бяспеку Украіны - зрабіць яе чальцом NATO. Але гэта таксама малаверагодна, паколькі прэзідэнт Трамп у апошнія дні і тыдні неаднаразова заяўляў, што Украіна не ўступіць у NATO, прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве. Таму я прапаную шматузроўневы падыход да бяспекі.

Першым узроўнем будзе грамадзянская, бяззбройная назіральная місія, якая выкарыстоўвае тэхналогіі і беспілотныя сістэмы для патрулявання па абодва бакі ад лініі акупацыі. Хто сфармуе гэтую місію? Я не ўпэўнены. У мяне ёсць некалькі ідэй, пра якія я пісаў, напрыклад, арганізацыя цюркскіх дзяржаў або, можа быць, Рада супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскай затокі — краіны, у дачыненні да якіх абодва бакі адчуваюць сябе гатовымі да супрацоўніцтва, і ніводная са старон не паставіла на карту занадта шмат.

Другім узроўнем будуць еўрапейскія войскі на зямлі. Гэта будзе азначаць размяшчэнне войскаў брытанцамі, французамі, немцамі і туркамі на тэрыторыі Украіны. Яны не абавязкова павінны быць размешчаныя блізка да лініі размежавання, але будуць размешчаныя на магчымых шляхах падыходу, на маршрутах, якія Расея можа выкарыстоўваць у выпадку паўторнага ўварвання. Гэта таксама будзе ўключаць патруляванне паветранай прасторы і акваторыі Чорнага мора.

Трэці ўзровень - гэта тое, што я называю «загарызонтнай роляй» Амерыкі. Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець, што ніякіх амерыканскіх вайскоўцаў на зямлі не будзе, але мы маглі б адыграць дапаможную ролю, забяспечваючы дазапраўку ў паветры, лагістычную падтрымку пры перакідцы войскаў ва Украіну і назад, даючы выведвальныя звесткі. Мы таксама маглі б, я думаю, удзельнічаць у патруляванні паветранай прасторы і Чорнага мора. І, магчыма, што яшчэ важней, нам неабходна ўмацоўваць стасункі паміж ЗША і Украінай у сферы абароннай прамысловасці і працягваць забяспечваць Украіну неабходным узбраеннем і падрыхтоўкай кадраў для яе Узброеных Сіл. У выніку, менавіта ўкраінскія ўзброеныя сілы будуць забяспечваць канчатковую гарантыю бяспекі Украіны.

Чацвёрты ўзровень - гэта еўраатлантычны кампанент. Хоць сяброўства ў NATO цяпер немагчымае, а перамовы аб уступленні ў ЕЗ будуць ісці павольна, еўраатлантычнай супольнасці неабходна распачаць крокі для таго, каб украінскі сцяг лунаў побач са сцягамі NATO і ЕЗ. Гэта магло б азначаць стварэнне сертыфікаванага NATO цэнтра перадавога досведу ў сучаснай вайне. Ён мог бы грунтавацца ва Украіне, дзе NATO зможа атрымаць урокі з баявых дзеянняў ва Украіне, якія доўжацца гадамі. NATO магло б запрасіць Украіну ўзяць удзел і накіраваць свае войскі ў складзе сіл рэагавання NATO. Такое ўжо здаралася ў мінулым. Няма прычын, з якіх гэта не можа адбыцца зноў. Магчыма, ЕЗ мог бы стварыць вучэбную місію ў рамках Агульнай палітыкі бяспекі і абароны Заходняй Украіне, каб падтрымаць еўраатлантычны шлях інтэграцыі.

Пятым узроўнем шматузроўневай сістэмы бяспекі стане ўсходні фланг NATO. Гэта не закранае Украіну наўпрост, але гэта з'яўляецца часткай больш шырокай стратэгіі стрымлівання Расеі ад будучай агрэсіі супраць краін Балтыі ці Чорнага мора. Гэта азначае захаванне перадавых сіл NATO (уключаючы войскі ЗША) на цяперашнім узроўні. Гісторыя вучыць нас, што Расея вернецца. Гэта можа адбыцца праз тры гады, можа быць, праз пяць гадоў, можа быць, праз дзесяць гадоў, але Расея вернецца, і мы павінны быць гатовыя.

- Мы чуем супярэчлівыя сігналы аб магчымасці двухбаковай сустрэчы Пуціна і прэзідэнта Зяленскага. Што вы думаеце? Якая імавернасць такой сустрэчы ў найбліжэйшай будучыні?

- Я б сказаў, што яна магчымая. Хутчэй магчымая, чым не. Гэта не гарантавана. Але, на мой погляд, Пуцін відавочна шукае выхад з гэтай вайны. Ён уварваўся, і цяпер ён гатовы разглядаць магчымасць перамоў. Але я ўсё яшчэ думаю, што нам патрэбны доўгі шлях. Пуцін збіраецца высунуць невыканальныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Ён па-ранейшаму засяроджаны на так званых «карэнных прычынах» канфлікту. Хоць я па-ранейшаму думаю, што сустрэча адбудзецца, але цяпер, пасля таго як Пуцін прапанаваў Маскву, мая ўпэўненасць знізілася - гэта несур'ёзная прапанова.

Але затым прэзідэнт Трамп выбірае Будапешт, што поўна гістарычнай іроніі. Навошта вяртацца ў горад, дзе, як можна сцвярджаць, усё гэта пачалося? Так што хто ведае, чым усё гэта скончыцца. Думаю, гэта, магчыма, адбудзецца ў найбліжэйшай будучыні.

- Сапраўды, іронія ў тым, што Расея была адной са старон, якія падпісалі Будапешцкі мемарандум. Вяртаючыся да супрацоўніцтва Украіны і NATO, наколькі, на вашу думку, украінскія вайскоўцы маглі б падзяліцца з NATO досведам у гэтай вайне?

- Многае. Існуюць дактрынальныя пытанні, напрыклад, як салдаты паводзяць сябе ў тактыцы малых падраздзяленняў, калі гаворка ідзе пра БПЛА, калі гаворка ідзе пра пазіцыйную вайну ў XXI стагоддзі. Ёсць тэхнічныя ўрокі, якія можна атрымаць з БПЛА: іх вытворчасці, навучання выкарыстання БПЛА. Шмат чаму можна навучыцца, і я думаю, NATO варта гэтым скарыстацца. Акрамя таго, ёсць урокі, якія здабываюцца з амерыканскага і Еўрапейскага абсталявання. Шмат што з таго, што Злучаныя Штаты далі Украіне, першапачаткова распрацоўвалася для барацьбы з савецкай або расейскай зброяй, бранятэхнікай, транспартнымі сродкамі і самалётамі. Давайце выслухаем меркаванні, як гэта працуе, што трэба палепшыць, што трэба змяніць, што можна пакінуць як ёсць. Мы вучымся нечаму ў працэсе. Але мы павінны інстытуцыяналізаваць гэтыя ўрокі.

- Калі мірнае пагадненне будзе дасягнутае, якія найбольшыя рызыкі будуць для Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве?

- Што Еўропа і Амерыка страцяць сваю цікавасць. Што Украіна стане адным з так званых замарожаных канфліктаў, за якімі ніхто не сочыць. Тым часам Расея будзе пераўзбройвацца, аднаўляць свае сілы і проста чакаць прыдатнага моманту, каб паспрабаваць закончыць справу. Няма ніякіх падстаў меркаваць, што Расея гэтага не зробіць. Усё ў гісторыі Расеі кажа, што яна паспрабуе зноў.

- Якія стратэгіі і практычныя падыходы ўкраінскай стараны, каб гэтага не адбылося?

- Працягваць інвеставаць у свае вайсковыя тэхналогіі і абаронна-прамысловую базу. Не варта забываць, што да 2014 года Украіна ўжо ўваходзіла ў дзясятку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў узбраенняў. У яе вельмі маладое, таленавітае, мэтанакіраванае, разумнае і творчае насельніцтва. Яна павінна выкарыстоўваць гэтую перавагу і падтрымліваць вельмі вялікае войска. Часткай кожнага мірнага працэсу з'яўляецца адсутнасць абмежаванняў на колькасць узброеных сіл Украіны. Акрамя таго, неабходна забяспечыць будаўніцтва адэкватных умацаванняў і абарончых рубяжоў. І, магчыма, адзін момант, якому не надаецца належнай увагі, - гэта актыўнае імкненне да еўраатлантычнай інтэграцыі. Гэта павінна стаць маяком для ўсіх украінскіх грамадзян, якія жывуць ва ўмовах расейскай акупацыі, каб яны падумалі: «Вось гэта так! Ёсць найлепшая альтэрнатыва. Ці хачу я быць часткай акупаванага Расеяй Луганска або часткай эканамічна квітнеючай, еўрапейскай Украіны?» Тады, з часам, я думаю, гэты заклік будзе эфектыўным ва Украіне для аднаўлення поўнай тэрытарыяльнай цэласнасці.

- Ці бачыце Вы магчымасці для прысутнасці амерыканскіх абаронна-прамысловых кампаній на Украіне?

- Так, безумоўна, а таксама нямецкіх, брытанскіх, французскіх, італьянскіх, турэцкіх (туркі ўжо там). Гэта мае сэнс як з пункту гледжання NATO, так і з пункту гледжання Украіны. Думаю, чым шырэйшае будзе наша прамысловае супрацоўніцтва, тым у большай бяспецы будуць усе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках