NYT: Трамп адмовіўся ад правядзення сустрэчы з Пуціным і Зяленскім у Маскве
30- 19.08.2025, 20:21
- 13,926
Еўрапейскія лідары былі шакаваныя прапановай Пуціна правесці сустрэчу ў сталіцы РФ.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп «ветліва адмовіў» расейскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну ў правядзенні наступнай сустрэчы ў трохбаковым фармаце – з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага – у Маскве.
Пра гэта паведамляе New York Times, спасылаючыся на еўрапейскага дыпламата.
Паводле звестак выдання, пытанне магчымага правядзення сустрэчы ў Маскве абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы Трампа і Пуціна ў панядзелак.
NYT адзначае, што прэзідэнт і дыктатар абмеркавалі як двухбаковую сустрэчу Пуціна і Зяленскага, так і трохбаковую сустрэчу з удзелам Трампа.
Высокапастаўлены еўрапейскі дыпламат заявіў газеце, што Пуцін прапанаваў Маскву ў якасці месца сустрэчы.
«Еўрапейскія лідары былі напалоханыя такім сцэнарам, але Трамп ветліва адмовіў Пуціну, адзначыў дыпламат», – сказаў суразмоўца выдання.
Раней агенцтва AFP паведаміла, што Пуцін падчас размовы з Трампам прапанаваў сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Маскве.