У Манголіі затрыманы фізік-ядзернік Андрэй Ажароўскі падчас замераў радыяцыі на сметніку
11- 19.08.2025, 18:30
- 14,598
Навукоўцу вязуць да мяжы, пашпарт адабралі.
Фізік-ядзернік Андрэй Ажароўскі арыштаваны ў Манголіі за вымярэнні радыяцыі на сметніку старых радыеактыўных адкідаў. Пра гэта The Insider паведаміла крыніца, Ажароўскі пацвердзіў інфармацыю ў Facebook. Паводле словаў навукоўца, спачатку ён думаў, што міграцыйная паліцыя вязе яго ва Улан-Батар, аднак потым яны павярнулі ў бок мяжы. Цяпер Ажароўскага вязуць у Эрэнцаў – гэта памежны пераход.
«Міграцыйная служба Манголіі пры падтрымцы паліцыі і двух тыпаў у цывільным знайшла мяне на кучы радыеактыўных адкідаў. (Як знайшлі? Сачылі за тэлефонам?) Яны забралі мой пашпарт, гэтым, я мяркую, пазбавілі мяне свабоды, прынамсі свабоды перасоўвання. Прасіў растлумачыць прычыну затрымання. Яны не змаглі (не захацелі) гэтага рабіць. Але ні хамства, ні гвалту (пакуль) не было...»
Як стала вядома The Insider ад крыніцы, мясцовыя актывісты запрасілі Ажароўскага ў Манголію дапамагчы разабрацца – ці ёсць радыеактыўнае забруджванне. Ён яго сапраўды знайшоў – побач з дзейным месцам здабычы ўрану ў пустыні Гобі. Далей навуковец і актывісты паехалі правяраць старое месца здабычы ўрану побач з мяжой, месца называецца Мардай. Адтуль вывозілі руду ў Краснакаменск.
Паводле словаў крыніцы, пакуль навуковец правяраў звалку, да яго пад'ехала машына з супрацоўнікамі іміграцыйнай службы, яны запатрабавалі пашпарт і канфіскавалі яго. Ажароўскі з'яўляецца грамадзянінам Расеі, яму не патрэбная віза для наведвання Манголіі, пры перасячэнні мяжы ён паведаміў, што мэта паездкі – справавая (для дапамогі мясцовым актывістам) і турызм.
Паводле звестак крыніцаў, у мясцовых СМІ ўжо пачалася медыякампанія супраць навукоўцы – яго называюць расейскім агентам КДБ, шпіёнам, які пастанавіў прыехаць сарваць плённае супрацоўніцтва Манголіі і Францыі ў здабычы ўрану.
Андрэй Ажароўскі – расейскі фізік-ядзернік і экалагічны актывіст. Ён удзельнічаў у экспертнай ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (праекта АУНА), уваходзіў у праекты групы «Экаабарона» і актыўна выступаў супраць будаўніцтва станцыі ў Астраўцы (Беларусь). У ліпені 2012 года Андрэй Ажароўскі быў затрыманы ў Менску паводле абвінавачання ў «дробным хуліганстве» і асуджаны да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля арышту яго аператыўна дэпартавалі з Беларусі і забаранілі на 10 гадоў уезд у краіну. Прычым разгляд пытання аб дэпартацыі праходзіў без ягонай прысутнасці: Ажароўскага ўжо пасадзілі ў цягнік і выслалі ў бок Смаленска.