Відэа: Кітайскі блогер пабудаваў міні-метро для сваіх катоў
9- 18.08.2025, 20:42
- 5,282
З эскалатарам і сінхроннымі дзвярыма.
Відэаблогер з Кітая Сін Чжылэй закончыў незвычайны праект – ён пабудаваў паўнавартаснае міні-метро для сваіх катоў. У канструкцыі ёсць тунэлі, станцыя і нават цягнік з аўтаматычнымі дзвярыма, піша TechEBlog.
Сін Чжылэй – інжынер у адукацыі. Ідэя стварыць метро для катоў узнікла пасля таго, як падпісчыкі ацанілі ягоны папярэдні праект – маштабны домік для гадаванцаў – і прапанавалі нешта яшчэ больш уражлівае.
У гэтым доміку ўжо былі кібертрак, спа-салон, квадрацыкл, супермаркет, гараж і нават тэатр. Метро стала лагічным прадаўжэннемм «кацінага сусвету». На ягонае будаўніцтва пайшло чатыры месяцы.
Асаблівую складанасць выклікалі сінхранізацыя дзвярэй цягніка з дзвярамі платформы і стварэнне міні-эскалатара – для гэтага запатрабаваліся інжынерныя веды і нямала крэатыўнасці. У выніку цягнік рухаецца па тунэлях і прыбывае на станцыю Cattown, дзе яго «сустракае» галасавая аб'ява.
Праект – частка вялікага кацінага свету, які Сін будуе для сваіх свойскіх (і не толькі) жывёлаў.