Кошты бензіну ў Расеі ўзляцелі да новых гістарычных рэкордаў
6- 18.08.2025, 14:21
- 11,048
УСУ дабіліся поспеху.
Аптовыя кошты бензіну ў Расеі працягваюць біць гістарычныя рэкорды пасля серыі ўдараў БПЛА па нафтаперапрацоўчых заводах, з якіх сама меней тры цалкам спынілі вытворчасць, піша The Moscow Times.
У панядзелак на Санкт-Пецярбуржскай таварна-сыравіннай біржы кошт бензіну Аі-92 дасягнуў 71,5 тысячы рублёў за тону, а Аі-95 – 80,43 тысячы рублёў за тону.
За дзень каціроўкі выраслі на 1,33% і 2,2% адпаведна, а з пачатку года цана 92-га бензіну ўзляцела на 38%, а 95-га - на 49%.
Каб астудзіць паліўны рынак, урад РФ увёў поўную забарону на вываз бензіну з краіны да канца жніўня, а затым прыняў пастанову падоўжыць яго да канца верасня. Зрэшты, экспартныя аб'ёмы невялікія і мала паўплываюць на сітуацыю - краіне зноў пагражае паўнавартасны дэфіцыт бензіну, казалі раней крыніцы Reuters.
З пачатку месяца праз налёты БПЛА ў Расеі спыніліся Навакуйбышаўскі НПЗ «Раснафты» (2 жніўня), Саратаўскі НПЗ «Раснафты» (11 жніўня) і Валгаградскі НПЗ «Лукойла» — найбуйнейшы на поўдні Расеі, які ўваходзіць у топ-10 у краіне.
Іх сумарная магутнасць складае 29,8 млн тон на год - а гэта 11% ад фактычнага аб'ёму нафтаперапрацоўкі ў Расеі, які летась, паводле ацэнак Reuters, склаў 267 млн тон.