13 снежня 2025, Субота, 21:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Столькі іх нідзе за раз не ўбачыш»

4
«Столькі іх нідзе за раз не ўбачыш»

На беларуска-польскай мяжы сабралася рэкордная чарга і з'явіўся новы «бізнэс».

У пункце пропуску «Брэст» утварылася рэкордная чарга на выезд з Беларусі. Паводле звестак на 10.00 (паводле беларускага часу) 18 жніўня ў электроннай чарзе выезду ў Польшчу чакалі 4420 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў. З моманту рэгістрацыі ў чарзе да выкліку ў пункт пропуску можа прайсці 10 дзён.

Транспарт праз мяжу прапускаюць марудна. Паводле звестак сэрвісу Border Queue Bot, які адсочвае чаргу, за апошнія дзевяць месяцаў мяжу перасякалі прыблізна 18,9 аўтамабіля ў гадзіну. Але ў апошнія дні гэты паказчык склаў толькі 7,7 (магчыма, праз тое, што напярэдадні была нядзеля), а раніцай панядзелка, 18 жніўня, вырас да 10, адзначае Most.

А 2-й гадзіны ночы 18 жніўня ўтварылася рэкордная за ўсю гісторыю чаргу - 4535 аўтамабіляў. Да 8 раніцы яна паменшылася да 4410 аўто.

Калі сёлетнія тэмпы пропуску захаваюцца, кіроўцаў, якія зарэгіструюцца ў электроннай чарзе 18 жніўня, выклічуць на пагранічны кантроль толькі 28 жніўня.

Бізнэс на інвалідах

Карыстальнікі прыгранічных чатаў заўважылі, што стала больш аўтамабіляў, якія праходзяць мяжу ў прыярытэтным парадку. Гэта тыя, сярод пасажыраў якіх ёсць інваліды ці дзеці ва ўзросце да трох гадоў. З 258 аўтамабіляў, якія прайшлі мяжу за апошнія 24 гадзіны, 51 (гэта значыць, кожны пяты) быў «паводле прыярытэту». Праходжанне мяжы ў прыярытэтным парадку займае ад 9 да 11 гадзін.

Відавочна, падсадка ў аўтамабіль чалавека з інваліднасцю стала новай формай прымежнага бізнэсу. Тыя, хто мае права на прыярытэт за плату, падсаджваецца ў чужое аўто, праходзіць беларускі памежны кантроль і на мосце ловіць спадарожны транспарт назад, нават не заязджаючы на польскі памежны кантроль.

- У дворыку з боку РБ - як у псіханеўралагічным дыспансеры, такой колькасці інвалідаў нідзе за раз не ўбачыш, многія з іх наогул не разумеюць, што адбываецца - іх водзяць за руку бывалыя мужычкі, - піша карыстальніца прымежнага чата.

Знайшлі ўправу на матацыклістаў

Таксама карыстачы чатаў заўважылі, што мяжу перасякае без чаргі шмат матацыклістаў.

- Матацыклісты ўсюды залазяць без чаргі і забіраюць ваш час. Брава беларускім хлопцам-памежнікам, якія не пусцілі іх на мост у колькасці 20 штук. Але на польскай мяжы яны нахабна лезуць і забіраюць час на праходжанне праверкі дакументаў, - піша карыстальнік Euhen.

Раніцай 18 жніўня з'явілася паведамленне, што беларускія памежнікі змянілі прыярытэт пропуску матацыклістаў - прымаюць па два матацыклы за гадзіну.

На аўтобусе - 32 гадзіны ў чарзе

Перасячэнне мяжы на аўтобусе таксама займае шмат часу. Без перасадкі ў першыя ў чарзе аўтобусы гэта заняло ў аднаго з падарожнікаў 32 гадзіны. Вядома аб аўтобусах, якія правялі ў чарзе амаль тры гадзіны. Прайсці мяжу з перасадкай у першыя аўтобусы можна за 12-13 гадзін.

Праз чэргі парушыўся расклад аўтобусаў, якія адпраўляюцца з Польшчы. Напрыклад, пасажыры, якія набылі квіток на аўтобус «Экалайнс» Варшава - Менск, які павінен быў адправіцца 17 жніўня а 8:00, атрымалі паведамленне аб тым, што рэйс пераносіцца на 14:00 18 жніўня.

У кірунку з Польшчы ў Беларусь чэргаў з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў практычна няма. Мяжу можна прайсці за некалькі гадзін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках