У Мінабароны нібыта назвалі колькасць беспілотнікаў, якія заляцелі ў Беларусь
- 18.08.2025, 10:33
- 3,048
Пра што не дагаварылі?
Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук'яновіч 16 жніўня заявіў аб тым, што з пачатку 2025 года было зафіксавана больш за 800 парушэнняў правіл выкарыстання паветранай прасторы краіны. У тым ліку - звыш 300 парушэнняў дзяржаўнай мяжы.
«У асноўным гэта беспілотныя лятальныя апараты, якія парушаюць мяжу, на жаль, на паўднёвых рубяжах, бо там абстаноўка няпростая», — сказаў Лук'яновіч.
Таксама, з яго слоў, «на заходніх рубяжах» назіраецца «вялікая колькасць палётаў, як беспілотнай лятальнай авіяцыі, выведвальнай авіяцыі, так і пілатаванай, і значная колькасць тактычнай авіяцыі».
Пад парушэннямі правіл выкарыстання паветранай прасторы Беларусі, імаверна, генерал меў на ўвазе парушэнні забароны на выкарыстанне аматарскіх БПЛА.
Парушэнне мяжы на «паўднёвых рубяжах» - гэта залёты беспілотнікаў у Гомельскую вобласць (часам - у Берасцейскую), якія маніторыць і падлічвае «Флагшток». Журналісты параўналі афіцыйныя лічбы са сваёй статыстыкай, якая вядзецца паводле звестак украінскіх маніторынгавых каналаў.
Выйшла, што генерал не зманіў. У студзені было зафіксавана не менш як 94 залёты, у лютым і сакавіку — мінімум 25 і 15 адпаведна, у красавіку — 3, у траўні — 8, у чэрвені — не менш як 17, у ліпені — мінімум 96, з пачатку жніўня — прыкладна 5 выпадкаў.
У выніку, з пачатку 2025 года «Флагшток» налічыў паводле звестак украінскіх маніторынгавых каналаў мінімум 263 залёты БПЛА праз паўднёвую мяжу Беларусі. Прычым, усе яны - расейскія, і траплялі ў Гомельскую і Берасцейскую вобласці пры масіраваных атаках РФ тэрыторыі Украіны.
Аб гэтым камандуючы ВПС Беларусі не сказаў. Магчыма, вайскоўцы фіксавалі і залёты ўкраінскіх дронаў, але пра гэта ніякай інфармацыі няма. Выходзіць, што нават калі такія інцыдэнты і былі, то абсалютная большасць выпадкаў парушэння мяжы Беларусі - расейскімі беспілотнікамі.