Bloomberg: Візіт Зяленскага ў Вашынгтон можа стаць пераломным
17- 18.08.2025, 9:55
- 11,858
Прэзідэнт Украіны заручыўся падтрымкай еўрапейскіх лідараў.
Запланаваны на панядзелак, 18 жніўня, візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Белы дом і яго сустрэча з амерыканскім калегам Дональдам Трампам можа стаць паваротным момантам.
Аб гэтым піша Bloomberg.
Агенцтва адзначае, што напярэдадні перамоў у Вашынгтоне еўрапейскія лідары выступілі з супольнай заявай, у якой падкрэслілі недапушчальнасць змены міжнародных межаў сілай.
Гэтая заява прагучала на фоне інфармацыі СМІ пра тое, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін падчас саміту на Алясцы патрабаваў аддаць Расеі ўвесь Данбас у абмен на нібы згоду спыніць баявыя дзеянні. Прэзідэнт Украіны ў каментары гэтых заяў адхіліў магчымасць здачы ўкраінскіх тэрыторый.
Паводле інфармацыі агенцтва, еўрапейскія лідары асцерагаюцца, што Трамп можа націснуць на Зяленскага, каб падштурхнуць Украіну да тэрытарыяльных саступак.
Як адзначае Bloomberg, лёс намаганняў Трампа па спыненні баявых дзеянняў неўзабаве будзе правераны, бо Зяленскі павінен адказаць на зменлівыя патрабаванні амерыканскага прэзідэнта і неадназначныя сігналы пасля расейска-амерыканскага саміту на Алясцы.
Пасля перамоў з Пуціным Трамп адмовіўся ад пачатковай умовы аб неадкладным спыненні агню.