«У Польшчы мы можам сабе гэта дазволіць»
16- 17.08.2025, 21:37
- 9,918
Колькі зарабляюць беларускія лекары, якія пераехалі ў суседнюю краіну.
Сям'я лекараў з Беларусі расказала сайту Charter97.org пра пераезд у Польшчу:
— Прыехалі ў Польшчу ў 2022 годзе і паставілі жыццё на паўзу. Сядзелі "на чамаданах", спадзеючыся, што гэты маразм не зможа доўжыцца так доўга, але час ішоў, а разам з ім і жыццё. Нашае жыццё. Таму трэба было рухацца разам з ім, а не сядзець, чакаць і варажыць, што будзе.
Як мы пражылі наступны, 2023 год, расказваць не буду, бо гэта была вучоба з раніцы да вечара. Каб прайсці настрыфікацыю дыплома, патрэбныя немалыя намаганні. Тут і іншыя падыходы ў лячэнні, і іншыя пратаколы. Але перш за ўсё - зусім іншая, не міжнародная тэрміналогія. Таму гэты шлях вяртання ў прафесію зусім не лёгкі шпацыр.
Маючы за плячыма больш за 10 гадоў медыцынскага стажу, мы вымушаныя пачынаць усё спачатку. Заробак ў нас як у стажораў складае 8 тысяч злотых - гэта амаль 2 тысячы еўра.
Ці зарабляла я калі-небудзь такія грошы ў Беларусі? Адказ - ніколі, нават маючы вопыт і працуючы з анкалагічнымі хворымі. Тутака ж, у Польшчы, ужо на старце я атрымліваю ў разы больш. Так што сёння мы з мужам плануем давучыцца, пачаць самастойна працаваць і збудаваць дом. У Польшчы мы можам сабе гэта дазволіць.
А там жыццё пакажа… Калі будзе магчымасць вярнуцца, то заўжды можна, маючы капітал, адкрыць калі не медыцынскі цэнтр, то прыватны кабінет.