У Расеі зацвердзілі план датычна цяжарных школьніцаў
23- 17.08.2025, 11:01
- 12,800
Хочуць выправіць дэмаграфічную сітуацыю ў адной з абласцей.
Урад Калужскай вобласці РФ зацвердзіў план з канкрэтнымі паказнікамі колькасці цяжарных школьніцаў і студэнтак, якія ў найбліжэйшыя тры гады атрымаюць 100 тысячаў рублёў за раннія роды. Улады спадзяюцца, што ўсяго ўдзельніцамі праграмы стануць 396 дзяўчатаў. Згодна з пастановай ад 4 жніўня, у 2025 годзе рэгіянальныя выплаты атрымаюць 123 цяжарныя вучаніцы, у 2026-м іх колькасць павінна вырасці да 130, а ў 2027-м – да 143. Такім чынам, на падтрымку юных парадзіх будзе вылучана амаль 40 млн рублёў, піша The Moscow Times.
Улады Калужскай вобласці ўвялі выплаты для цяжарных школьніцаў і студэнтак-вочніцаў у канцы 2024 года. Аналагічныя захады дзейнічаюць яшчэ сама меней у сямі рэгіёнах: Бранскай, Варонежскай, Кемераўскай, Арлоўскай і Цвярской абласцях, Алтайскім краі і Чувашыі. Памер заахвочвання за раннія роды вар'іруецца ад 100 да 150 тысячаў рублёў.
Крыніцы Faridaily паведамлялі, што супраць уключэння школьніцаў у праграму выступіў увесь сацыяльны блок ураду, у тым ліку віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава і міністр працы і сацыяльнай абароны Антон Кацякоў. У кабміне папярэдзілі, што такі падыход можа прывесці да павелічэння колькасці маці-адзіночак, росту ўзроўню беднасці і беспрацоўя, скачкоў злачыннасці і распаўсюджвання венерычных захворванняў. У сувязі з гэтым у адміністрацыю прэзідэнта была накіраваная службовая запіска з просьбай спыніць рэгіянальныя ініцыятывы, якія заахвочваюць цяжарнасць у школах.
Ініцыятыву ўладаў на месцах раскрытыкаваў і камітэт Дзярждумы ў абароне сям'і на чале з ягонай старшынёй Нінай Астанінай. Дэпутаты мяркуюць, што распаўсюджванне выплатаў на школьніцаў – «прапагандай ранніх нараджэнняў», якая супярэчыць «традыцыйным каштоўнасцям».
Тым часам дэмаграфічная сітуацыя ў Расеі пагаршаецца. Паводле звестак Расстата, у траўні сумарны каэфіцыент нараджальнасці (сярэдняя колькасць дзяцей на адну жанчыну) упаў да 1,376 – самага нізкага значэння з 2006 года.
У 2024 годзе на свет з'явіліся 1,222 млн немаўлятаў – мінімум з 1999 года. За студзень – сакавік, колькасць народжаных знізілася яшчэ на 11,5 тысячы, да 288,8 тысячы. Як адзначаў дэмограф Аляксей Ракша, першы квартал 2025 года «паставіў антырэкорд з мяжы XVIII–XIX стагоддзяў». Пасля гэтага Расстат спыніў публікацыю дэталёвых звестак дэмаграфіі. А ў ліпені закрыў усю статыстыку, якая датычыцца колькасці і натуральнага прыросту насельніцтва, колькасці нараджэнняў і смерцяў, шлюбаў і разводаў, а таксама міграцыі.