Пратэсты ў Сербіі выходзяць з-пад кантролю ўлад
4- 15.08.2025, 10:39
- 5,288
Атакаваныя офісы кіроўнай партыі.
На поўначы Сербіі антыўрадавыя пратэсты перараслі ў беспарадкі. У Новым Садзе дэманстранты атакавалі офісы кіроўнай партыі, а ў Бялградзе адбыліся жорсткія сутыкненні з паліцыяй, паведамляе Reuters.
У Новым Садзе ўдзельнікі акцыі разбілі вокны і выкінулі мэблю з офісаў Сербскай прагрэсіўнай партыі (SNS), разлілі фарбу па фасадзе і скандавалі «Ён сышоў!», маючы на ўвазе 13-гадовае праўленне прэзідэнта Аляксандра Вучыча. Паліцыя і сябры партыі ў момант нападу адсутнічалі. Пазней у цэнтр горада прыбыў спецназ, які ачапіў некалькі кварталаў і ўжыў слезацечны газ для разгону пратэстоўцаў.

Акцыі па ўсёй краіне пачаліся пасля гібелі 16 чалавек пры падзенні даху абноўленага чыгуначнага вакзала ў Новым Садзе ў лістападзе мінулага года.
У Бялградзе сотні апазіцыйна настроеных грамадзян і прыхільнікі SNS закідвалі адзін аднаго фаерамі і петардамі на адным з цэнтральных бульвараў. Паліцыя ўжыла сілу і спецсродкі, затрымаўшы некалькі ўдзельнікаў.
Міністр унутраных спраў Івіца Дачыч заявіў, што пацярпелі як мінімум пяць паліцыянтаў, а пратэстоўцы напалі на праваахоўнікаў не толькі ў Бялградзе і Новым Садзе, але і ў гарадах Панчаве і Сабачы.

Днём раней кіраўнік МУС Сербіі паведамляў, што ў сутыкненнях пацярпелі 27 паліцыянтаў і прыкладна 80 цывільных. У жывым эфіры тэлеканала N1 былі паказаныя кадры затрымання не менш як пяці чалавек.

Апазіцыя паведаміла аб шпіталізацыі свайго дэпутата Педжы Мітравіча, абвінаваціўшы ўлады ў жорсткім падаўленні акцый. Прэзідэнт Вучыч у эфіры прыватнага тэлеканала Informer TV назваў пратэсты далёкімі ад мірных і папярэдзіў аб новых арыштах. Раней ён адпрэчыў патрабаванні аб адстаўцы ўрада і датэрміновых выбарах, а таксама даў зразумець, што далейшыя акцыі пратэсту будуць падаўляцца.