«Выдзелілі $106»
9- 15.08.2025, 10:09
- 3,148
Беларуска распавяла, як атрымала субсідыю на аплату «камуналкі» ў Польшчы.
Наталля арандуе ў Беластоку невялікую кватэру. У залежнасці ад сезона яна плаціць за яе блізу 2 тысяч злотых. У гэтую суму ўваходзіць і арэндная плата, і камунальныя выплаты (чынш). Беларуска змагла атрымаць дзяржаўную субсідыю на аплату камунальных паслуг і расказала MOST, як гэта зрабіць.
Які максімальны даход дапушчальны для атрымання субсідыі?
Каб прэтэндаваць на даплату да камунальных паслуг (dodatek mieszkaniowy) у Польшчы, трэба адпавядаць устаноўленым крытэрам даходу:
Для хатняй гаспадаркі з аднаго чалавека сярэдні чысты даход на чалавека за апошнія тры месяцы не павінен перавышаць 40% ад сярэднямесячнага заробку па краіне. На пачатак 2025 года гэта складала 3272,69 злотага.
Для хатняй гаспадаркі з некалькіх чалавек ліміт ніжэйшы - да 30% ад сярэдняга заробку, гэта значыць, да 2454,52 злотага на чалавека.
Якія дакументы трэба сабраць
Наталля жыве ў здымнай кватэры з мужам, але ён не працуе. Сярэдні даход жанчыны - 2500 злотых.
- Перш за ўсё неабходна падрыхтаваць дамову найму кватэры і даведку аб даходах за апошнія тры месяцы, - распавядае беларуска.
Наталля звяртае ўвагу, што даведку аб даходах запаўняе аддзел кадраў арганізацыі, дзе працуе заяўнік, але важна, каб яна была аформленая на фармуляры ўстановы, куды падаецца заява. У выпадку Наталлі гэта быў Miejski Ośrodek Pomocy Rodzinie w Białymstoku (Гарадскі цэнтр дапамогі сям'і ў Беластоку). Бланк можна спампаваць з сайта ці атрымаць асабіста ў цэнтры.
- З гэтымі дакументамі неабходна пайсці ва ўправу дома - аналаг ЖЭС у Беларусі. Там запаўняецца заява. Спецыяліст на месцы зробіць ксеракопіі дамовы арэнды і даведкі аб даходах. Абавязкова трэба мець дакумент, які пацвярджае асобу. Пасля запаўнення ўсе паперы вяртаюць заяўніку для далейшай падачы.
Сабраныя дакументы неабходна аднесці ў MOPR - арганізацыю, якая разглядае заяўкі на субсідыю.
- Там дзейнічае той жа прынцып: запаўняюцца неабходныя дакументы. Пасля гэтага да вас дадому павінен прыйсці інспектар арганізацыі. Звычайна час візіту ўзгадняецца загадзя. У момант яго прыходу павінны прысутнічаць усе сямейнікі, зарэгістраваныя па гэтым адрасе. Спецыяліст на месцы запаўняе патрэбныя формы. Праз некаторы час прыходзіць заказны ліст з апавяшчэннем аб пастанове: ці ўхваленая субсідыя або адмоўлена ў ёй.
Якую суму можна атрымаць
Субсідыя прызначаецца на паўгода. Сума залежыць ад выдаткаў на камунальныя паслугі і даходу заяўніка. Агулам Наталля плаціла 600 злотых штомесяц за камунальныя паслугі, а дзяржава выдзеліла ёй субсідыю ў суме 390 злотых. Субсідыя кампенсуе толькі камунальныя выплаты, але не арэнду кватэры.
- Улічваецца даход усіх сямейнікаў, якія працуюць. Калі працуюць абодва бацькі, неабходна падаць даведкі аб даходах абодвух, каб правільна разлічыць датацыю. Дзеці, як правіла, не ўлічваюцца.
Калі паўгода заканчваюцца, працэс паўтараецца: зноў збіраюцца дакументы, праводзіцца праверка, і пасля гэтага прыходзіць новае апавяшчэнне аб суме датацыі.