Зяленскі абмеркаваў з Мерцам пастаўку Patriot
- 13.08.2025, 19:49
- 1,484
Прэзідэнт Украіны правёў змястоўную сустрэчу з канцлерам Нямеччыны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 13 жніўня правёў, паводле ягоных словаў, змястоўную сустрэчу з канцлерам Нямеччыны Фрыдрыхам Мерцам. Пра гэта ён паведаміў у Facebook.
Зяленскі падзякаваў за падтрымку Украіны і арганізацыю анлайн-сустрэчы лідараў і пасяджэння «кааліцыі ахвотных».
Бакі гаварылі пра нядаўнія кантакты з партнёрамі і далейшае ўзаемадзеянне з хаўруснікамі, павелічэнне абароннай падтрымкі, удзел Нямеччыны ў новай ініцыятыве PURL, умацаванне ўкраінскай СПА дзвюма дадатковымі сістэмамі Patriot і ракетамі да іх, надзейныя гарантыі бяспекі.
«Ёсць агульнае разуменне: пакуль Расея не робіць ніякіх крокаў да міру, неабходна прадаўжаць ціск на яе і ўмацоўваць падтрымку Украіны. І гэта вельмі важна. Шчыра цаню ўсю дапамогу Нямеччыны і нашы стасункі, якія даюць рэальныя вынікі для абароны жыцця», – напісаў прэзідэнт.